У Мінску ў дачыненні да 30-гадовага расіяніна расследуюць дзве крымінальныя справы, звязаныя з незаконным абаротам агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння, паведамляе МУС.
Мужчыну затрымалі аператыўныя супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС яшчэ ў снежні 2018 года. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА. "Падставай для разбору стала інфармацыя аб тым, што нашу краіну перыядычна наведвае прыхільнік радыкальнага ісламу з Расіі. Мужчына мог вазіць з сабой зброю, — паведамляе міліцэйскае ведамства. — У выніку праверачных мерапрыемстваў звесткі пацвердзіліся: у замежніка аператыўнікі знайшлі траўматычны пісталет і пяць патронаў да яго".
У дачыненні да затрыманага распачатыя справы на падставе ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 331-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Як адзначылі ў МУС, "праца па супрацьдзеянні незаконнаму абароту зброі вядзецца на пастаяннай аснове, а напярэдадні міжнародных культурна-масавых і спартыўных падзей гэтая праблема становіцца найбольш актуальнай".
"Асаблівая ўвага будзе надавацца замежным гасцям. Ім варта памятаць, што на тэрыторыі Беларусі за незаконны абарот агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння прадугледжаная адказнасць, — адзначае праваахоўнае ведамства. — Пры гэтым дазвол на захоўванне і выкарыстанне, выдадзены кампетэнтнымі органамі замежнай дзяржавы, на тэрыторыі Беларусі не дзейнічае".
Паводле звестак МУС, у 2018—2019 гадах за незаконны абарот агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння распачатыя 12 крымінальных спраў, дзевяць з іх — у дачыненні да замежных грамадзян.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 22 лютага 2019
Мінск, 22 лютага 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/521/46927
Текущая дата: 15.11.2024