Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук (НАН).
З 18 па 24 лютага ў Беларусі пройдзе Тыдзень роднай мовы. Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.
Тыдзень арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН. Як адзначаюць арганізатары, "мерапрыемствы павінны служыць фактарамі, якія заклікаюць суайчыннікаў выкарыстоўваць беларускую мову, беражліва захоўваць яе як бясцэнную спадчыну, якая засталася нам ад продкаў і якая павінна быць перададзена дзецям як крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці і светапогляду".
На працягу Тыдня роднай мовы вядучыя навукоўцы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа выступяць перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, прымуць удзел у прэзентацыях і святочных мерапрыемствах, якія будуць арганізаваны дзяржаўнымі ўстановамі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі краіны.
19 лютага ў рамках тыдня ў Інстытуце мовазнаўства адбудзецца сустрэча са студэнтамі факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Будучым лінгвістам раскажуць пра гісторыю інстытута, прадставяць сучасныя даследаванні аб нацыянальным мовазнаўстве, пакажуць выставу навуковых прац інстытута. Яны таксама наведаюць Музей старажытнабеларускай культуры.
20 лютага Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры НАН Беларусі правядзе круглы стол "Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі". На ім будуць абмеркаваны стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя ў Беларусі. У пасяджэнні прымуць удзел выкладчыкі медыцынскіх навучальных устаноў краіны, навукоўцы-філолагі, урачы.
У гэты ж дзень у Мінску пройдзе прэзентацыя кнігі Апанаса Ярушэвіча "Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына", падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам Беларусі. Як адзначаюць даследчыкі, "Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына" — унікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны нацыянальнай мовазнаўчых навукай. "Гэты слоўнік з`яўляецца адзіным у айчынным мовазнаўстве даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак як асновы беларускай нацыянальнай мовы, з`яўляецца інфармацыйнай крыніцай аб яе стане ў другой палове 19-га — пачатку 20 стагоддзя. Гэта таксама крыніца пазнання побыту беларусаў на мяжы стагоддзяў, якая дае ўнікальныя звесткі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства", — адзначае прэс-служба НАН Беларусі.
21 лютага дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў выступіць з лекцыяй "Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму" перад слухачамі факультэта павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце — кіраўнікамі галоўных упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый. У сваю чаргу акадэмік Аляксандр Лукашанец у гэты ж дзень выступіць з лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ.
У пятніцу, 22 лютага, адбудзецца сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. У Інстытуце мовазнаўства ў гэты ж дзень адбудзецца лекцыя даследчыка гісторыі беларускай мовы Сяргея Запрудскага "Мікалай Байкоў — знаёмы і незнаёмы", прымеркаваная да 130-годдзя выдатнага беларускага лексікографа.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 17 лютага 2019
Мінск, 17 лютага 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/522/46884
Текущая дата: 15.11.2024