Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца сёння па ўсім свеце.
Заснаваны ЮНЭСКА 10 гадоў таму, ён скіраваны на тое, каб абараняць моўную і культурную разнастайнасць. Пра сваё найдаражэйшае багацце не забываюць і ў Беларусі.
«На ёй проста гаварыць пра самае важнае і дарагое», – так адказвае на беларускай мове выкладчык з Кітая Чжан Хуньшань. Пакуль з кітайскім акцэнтам, але па-нашаму прызнаецца: вучыць некаторыя словы вельмі складана. І няхай вымаўленне не ідэальнае, усе правілы ўжо засвоены выдатна. Параўнанне беларускіх і кітайскіх традыцый стала тэмай абароненай дысертацыі.
Чжан Хуньшань, выкладчык філалагічнага факультэта БДУ: «Пяты год я вывучаю беларускую мову, таму што гэта мова вельмі цікавая. Я лічу беларускую мову прыгожай».
Любоўю да беларускай мовы выкладчык захапляе і сваіх вучняў. Яшчэ паўгады таму Цянь Хуэй толькі марыў пераехаць у Беларусь. Сёння размаўляе на мове амаль гэтак жа свабодна, як на роднай.
Цянь Хуэй, студэнт філалагічнага факультэта БДУ: «Мова народа – гэта не толькі словы, але і яго культура, гісторыя, лёс, нават яго мысленне. Яшчэ ў школе я цікавіўся вывучэннем моў свету».
Сяброўкі Саша і Мілана толькі мараць стаць настаўніцамі, а пакуль самі пад дыктоўку старанна выводзяць радкі з твораў Якуба Коласа. Не зрабіць ніводнай памылкі – вядома! Вызначыць адкуль урывак – таксама лёгка! Дзяўчыны ўпэўнены: выкладаць у школе будуць толькі на роднай мове.
Мілана Міхалюк, студэнтка Мінскага педагагічнага каледжа: «Я лічу, што беларуская мова – гэта вельмі прэстыжна. Меладычная яна. Мае будучыя вучні павінны ведаць нашу мову, бо мы беларусы».
Аляксандра Абук, студэнтка Мінскага педагагічнага каледжу: «На ёй вельмі добра размаўляць, і моладзь размаўляе на беларускай мове не толькі ў Дзень роднай мовы, але і ў іншы час».
У гэтым куточку сталіцы час за прыемнымі працэдурамі пралятае пад мілагучную гутарку. Амаль усе супрацоўнікі тут размаўляюць на мове Коласа і Купалы. Асноўны кліент – беларускамоўны.
Святлана Жукава, дырэктар салона прыгажосці: «Многа людзей саромяцца размаўляць па-беларуску таму, што ў іх недасканалая мова. Калі яны ведаюць, што тут да гэтага добра ставяцца, што тут іх заўжды падтрымаюць, то ім таксама прыемна тут пачынаць. Крышачку няхай бэкаць-мэкаць, але паступова сваю гаворку паляпшаць».
Каб весялей было ўдасканальваць маўленне – святочныя зніжкі. Сёння на чыгуначным вакзале Мінска на мове не толькі аб’яўлялі пасадку на цягнікі, але яшчэ чыталі вершы і нават спявалі.
Знакамітыя пісьменнікі, кампазітары і выканаўцы здзейснілі сапраўдны моўны флэшмоб. Спачатку гэта збянтэжыла пасажыраў, але праз некалькі хвілін з’явілася пэўная цікавасць да роднага слова.
Мікола Мятліцкі, паэт: «Прыйшлі на вакзал без чамаданаў, але з поўнымі сэрцамі, з багажом духоўным. Мы тут жадаем кожнаму, хто едзе ў свой край родны, шчаслівай дарогі, каб родныя мясціны сустракалі цяплом, святлом і радасцю».
Па апошніх дадзеных кожны пяты беларус лічыць неабходным пашырэнне ўжывання мовы. Нават акадэмікі сцвярджаюць: яна настолькі самадастатковая, што можа задаволіць патрэбы ва ўсіх сферах.
Аляксандр Лукашанец, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: «Ужо адбыліся істотныя зрухі ў грамадскай свядомасці. Значная частка нашага грамадства, у тым ліку маладое, адукаванае, крэатыўнае пакаленне, адчувае і разумее значэнне беларускай мовы для захавання нацыянальнай адметнасці, дазваляе сябе камфортна адчуваць дастойным грамадзянінам сваёй краіны».
Прыемны сюрпрыз падрыхтавалі беларусам і супрацоўнікі пошты. Сёння ўсе наведнікі маглі набыць арыгінальныя паштоўкі. Віншавальныя карткі можна было падпісаць і адправіць у любую кропку нашай краіны бескаштоўна. Галоўнае – каб цёплыя словы блізкім былі на роднай мове. Як вядома, мова жыве, пакуль на ёй гавораць. Варта толькі адважыцца. Паспрабуем разам?
Тэлеканал ОНТ, 21 лютага 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/522/46893
Текущая дата: 15.11.2024