Белорусский портал в Казахстане

Фестываль "Кліч Палесся" беражліва захоўвае самабытныя традыцыі, закладзеныя нашымі продкамі



Такое меркаванне выказаў намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы ў час пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні V Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" ў аграгарадку Ляскавічы (Петрыкаўскі раён).

"Прыпяцкае Палессе да нашых дзён захавала рысы самабытнай культуры і побыту палешукоў. І наш абавязак - беражліва ставіцца да традыцый, якія стагоддзі таму заклалі нашы продкі. Гэта нашы вытокі, таму фестываль неабходна правесці на самым высокім узроўні і зрабіць дастойнае свята для людзей", - падкрэсліў Міхаіл Русы.

Паводле задумы аргкамітэта, канцэпцыя міжнароднага фестывалю адлюстравана ў назве адной з пляцовак "У сваім краі, як у раі". Прадстаўнікі Прыпяцкага рэгіёна на тэматычных падворках адновяць традыцыі і каларыт паселішчаў Палескага краю. Гасцей будуць сустракаць музычна-тэатралізаванай пастаноўкай, якая раскрывае версію паходжання незвычайных назваў вёсак.

Удзельнікаў фестывалю запросяць на дэгустацыю страў па старадаўніх рэцэптурах, марафон "Танчым па-даўнейшаму", конкурс "Палеская прыгажуня". Арганізатары рыхтуюць народныя забавы, пазнавальныя акцыі. На адкрыцці свята назавуць імёны прадстаўнікоў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, удастоеных спецыяльнага звання "Ганаровы паляшук".

Для камфорту гасцей свята кожную гадзіну ад райцэнтраў Петрыкаў і Жыткавічы будуць курсіраваць дадатковыя маршруты да Ляскавіч. V Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" збярэ 22 верасня ў аграгарадку Ляскавічы амаль 30 тыс. гасцей.

Прадстаўнікі васьмі раёнаў Гомельскай вобласці і трох Брэсцкай пацвердзілі ўжо ўдзел у ім. Пяты раз маштабнае свята аб`яднае жыхароў Палесся Беларусі, Расіі і Украіны, прыбудуць таксама госці з Польшчы, Латвіі і іншых краін.

Міжнародны фестываль "Кліч Палесся" накіраваны на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, а таксама ўмацаванне творчых сувязей прыгранічных рэгіёнаў. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, нацыянальны парк "Прыпяцкі".

10 верасня 2018, Петрыкаўскі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/523/44874
Текущая дата: 18.05.2024