Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ў Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту запусцілі традыцыйную акцыю



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

У памяць аб ахвярах халакоста на будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі запушчаны бягучы радок на беларускай мове і іўрыце «27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту! Беларусь і Ізраіль памятаюць разам!». 

Штогод 27 студзеня ва ўсім свеце аддаюць даніну памяці ахвярам халакосту і пацвярджаюць сваю нязменную прыхільнасць да барацьбы з антысемітызмам, расізмам і іншымі формамі нецярпімасці. Гэты дзень быў заснаваны ў 2005 годзе рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН № 60/7, сааўтарам якой у ліку 104 дзяржаў — членаў ААН выступіла і Беларусь.

Роўна 79 гадоў таму — 27 студзеня 1945 года — Чырвоная армія вызваліла вязняў фашысцкага лагера смерці «Аўшвіц — Біркенаў». Дакладную колькасць загінуўшых у гэтым лагеры ўстанавіць немагчыма, паводле розных ацэнак, там былі закатаваны ад 1,5 млн да 4 млн чалавек.

Халакост і яго нацысцкія лагеры смерці, як «Аўшвіц — Біркенаў», сталі аднымі з самых трагічных старонак гісторыі Беларусі і яе народа, які страціў за гады Другой сусветнай вайны кожнага трэцяга. Сярод загінуўшых — 700 тыс. яўрэяў, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі.

У Мінску нацысты стварылі трэцяе па велічыні гета для знішчэння яўрэяў на тэрыторыі акупаванай Еўропы. У лагеры «Аўшвіц — Біркенаў» знаходзіліся тысячы зняволеных беларусаў (і гэта без уліку беларускіх яўрэяў, палякаў, цыган). Туды было дастаўлена больш за тысячу беларускіх дзяцей.

«У Беларусі вядзецца значная праца па ўшанаванні памяці аб страшнай трагедыі Другой сусветнай вайны. Адкрываюцца помнікі і мемарыяльныя дошкі, праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы. Беларусы ніколі не былі і не будуць абыякавымі да пакут іншых людзей, ніколі не забудуцца жахі нацызму і не дазволяць іншым забыцца аб гэтым», — падкрэслілі ў МЗС.

Звязда, 27 студзеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/53/72308
Текущая дата: 05.10.2024