Белорусский портал в Казахстане

Карціна Міхаіла Кікоіна папоўніла калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея



Намаганнямі пасольства Беларусі ў Швейцарыі карціна Міхаіла Кікоіна папоўніла калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея.

«Нацюрморт» — першы твор ураджэнца Гомельшчыны, прадстаўніка Парыжскай школы, сярод экспанатаў галоўнага мастацкага музея Беларусі. Вяртанне спадчыны, рэактуалізацыя імёнаў мастакоў ХХ стагоддзя — сёння адна з задач гэтай установы культуры.

— «Нацюрморт» працягвае слынную традыцыю вяртання пры падтрымцы нашых дыпламатаў у культурны кантэкст Беларусі імёнаў выдатных суайчыннікаў, якія апынуліся ў замежжы. Дзякуючы падтрымцы такіх сяброў Беларусі, як ганаровы консул нашай краіны ў Лазане Андрэй Нажэскін, адбываецца сённяшняя падзея, — сказаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка. — Хачу, безумоўна, адзначыць актыўную работу беларускага пасольства ў Швейцарыі, а таксама падзякаваць Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі за ўзорнае супрацоўніцтва.

Апошнім часам нашы дыпламаты ў замежных краінах плённа працуюць па знаходжанні беларускай спадчыны.

— Справа вяртання нацыянальнай культуры мне бачыцца як нацыянальны праект, — адзначыў Павел Мацукевіч, часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі.

Творы Міхаіла Кікоіна знаходзяцца ў прыватных зборах і музеях Францыі, ЗША, Японіі і іншых краін свету. У Беларусі пяць яго палотнаў прадстаўлены ў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны.

У цырымоніі перадачы ўдзельнічалі прадстаўнікі з Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі і кіраўнік дэлегацыі, намеснік дзяржаўнага сакратара Крысціна Марці Ланг. Швейцарскія дыпламаты завіталі ў Мінск з нагоды чарговага раўнда палітычных кансультацый у МЗС. У той жа дзень Алег Краўчанка і Крысціна Марці Ланг прынялі ўдзел у сумесным мерапрыемстве з Еўрапейскім інстытутам міру па тэматыцы медыяцыі і прэвентыўнай дыпламатыі.

Марыя Дадалка
Звязда, 20 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/536/46106
Текущая дата: 15.11.2024