Белорусский портал в Казахстане

Фіксуецца беспрэцэдэнтны ўзровень усіх відаў разведкі супраць Рэспублікі Беларусь



Аб гэтым заявіў старшыня КДБ Іван Тэртэль, выступаючы на пашыранай нарадзе Прэзідэнта Беларусі з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі/

"Намеры Захаду ўвасабляюцца ў канкрэтных планах, дакументальныя матэрыялы аб якіх рэгулярна дакладваюцца кіраўніку дзяржавы", - сказаў Іван Тэртэль і прывёў некаторыя з матэрыялаў.

"Адзначаецца беспрэцэдэнтнае нарошчванне вытворчасці ўзбраення, тэхнікі і боепрыпасаў у вядучых краінах Захаду. На тэрыторыі Польшчы і прыбалтыйскіх дзяржаў рэалізуюцца маштабныя праграмы па абсталяванні будучага тэатра ваенных дзеянняў, - прадоўжыў старшыня камітэта. - Ажыццяўляецца рамонт ракадных дарог і аэрадромаў для хуткай перакідкі вялікіх воінскіх кантынгентаў з Германіі і іншых краін НАТА ў прыгранічныя з Беларуссю раёны Польшчы, Літвы і Латвіі. Узброеныя сілы Польшчы праводзяць маштабную рэарганізацыю групоўкі войскаў на беларускім напрамку, у Літве і Латвіі на закрытых рэжымных тэрыторыях ажыццяўляецца ўзвядзенне аб`ектаў інфраструктуры для размяшчэння воінскіх падраздзяленняў краін НАТА".

Пры гэтым Іван Тэртэль звярнуў увагу на той факт, што прапановы беларускага боку аб узаемным назіранні спецыялістаў за вучэннямі Захадам паслядоўна ігнаруюцца.

Старшыня КДБ таксама падкрэсліў: "Камітэтам фіксуецца беспрэцэдэнтны ўзровень усіх відаў разведкі супраць Рэспублікі Беларусь. Практычна штодзённа ў рэжыме анлайн ажыццяўляюцца здымкі сродкамі касмічнай разведкі месцаў дыслакацыі асабовага складу сілавых структур, баз захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, аэрадромаў, чыгуначных пуцей".

"Толькі за 2022-2023 гады контрразведкай камітэта выяўлена 114 спроб вярбоўкі нашых грамадзян, у тым ліку 37 ваеннаслужачых. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 45 чалавек, якія сталі на шлях здрадніцтва. За шпіёнскую дзейнасць затрымана 16 замежных грамадзян", - прывёў даныя Іван Тэртэль.

Акрамя таго, старшыня КДБ звярнуў увагу на нарошчванне незаконнага санкцыйнага націску. "Найбольш актыўную ролю ў гэтым адыгрываюць Польшча і краіны Балтыі. Згодна з данымі знешняй разведкі, да канца лютага бягучага года будзе прыняты наступны санкцыйны антыбеларускі пакет, - адзначыў Іван Тэртэль. - Пад яго дзеянне пападуць 8 фізічных асоб, у асноўным супрацоўнікі судоў, праваахоўных органаў, журналісты, а таксама 14 юрыдычных асоб, у тым ліку кампаніі, якія маюць эканамічныя сувязі з суб`ектамі гаспадарання Рэспублікі Беларусь. Таксама плануецца прадоўжыць ужо дзеючыя санкцыйныя абмежаванні".

Кіраўнік ведамства расказаў аб тым, што Дзярждэпартаментам і спецслужбамі ЗША распрацавана і рэалізуецца пры ўдзеле іншых заходніх дзяржаў доўгатэрміновая стратэгія па дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі з задзейнічаннем дэструктыўных элементаў, якія аселі на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Украіны, Чэхіі, некаторых іншых дзяржаў.

"Праводзіцца работа па іх кансалідацыі, нягледзячы на існуючыя супярэчнасці і ўнутраную барацьбу за фінансы. Плануецца фарміраванне квазіпарламента, псеўдавыбары ў які назначаны на 25 мая, а таксама іншых дэструктыўных протаструктур, якія, паводле задумы амерыканцаў, дадуць магчымасць захаваць патэнцыял для будучых дзеянняў супраць Рэспублікі Беларусь."

20 лютага 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/54/72766
Текущая дата: 18.11.2024