Ад Наваполацка ганаровы тытул культурнай сталіцы года Беларусі перадаецца Пінску. Наваполацк, які часта называюць «нафтаградам», «навукаградам», годна пацвердзіў, што ён яшчэ і «культураград».
Старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што адыходзячы год у рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі!» быў адным з самых насычаных культурнымі падзеямі — усяго іх арганізавалі па самых сціплых падліках каля дзвюх тысяч.
Сапраўды, жыхарам аднаго з самых маладых беларускіх гарадоў ёсць што ўспомніць. Вялікай культурнай падзеяй стала святкаванне юбілею Наваполацка. Мэр нагадаў, што сёлета ў чэрвені як ніколі раней маштабна адсвяткавалі 60-ю гадавіну заснавання. На святкаванні, якое расцягнулася на пару тыдняў, было шмат крэатыву і сюрпрызаў... Гэта ацанілі і госці з іншых гарадоў ды краін. А ў галоўны дзень урачыстасці сярод ганаровых удзельнікаў святкавання была і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава, якая, як вядома, узначальвала Наваполацкі гарвыканкам.
Дзмітрый Дзямідаў канстатаваў, што новапалачане дзякуючы новаму статусу горада адчулі, што насамрэч культурнае жыццё тут багатае, разнапланавае, мае вялікі патэнцыял. Яно і надалей будзе актыўна развівацца. Традыцыі, ідэі, адпрацаваныя сёлета, атрымаюць «новае дыханне».
Кіраўнік мясцовай выканаўчай улады ўпэўнены, што землякі маюць шмат магчымасцяў быць бліжэй да культуры. У прыватнасці, гараджане могуць рэалізаваць свой патэнцыял у творчых калектывах: званні «заслужаны», «народны», «узорны» ёсць у трыццаці з іх...
Дзякуючы супрацоўніцтву з адным з «брэндаў культуры» краіны — Вялікім тэатрам оперы і балета — традыцыйнымі сталі гастролі ў Наваполацку артыстаў гэтай установы культуры.
Сярод «візітных картак» культуры Наваполацка — міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-хало», міждзяржаўны конкурс юных піяністаў «Музычная лілея». Усё больш ахвотных узяць удзел у міжрэгіянальным конкурсе-пленэры «Палітра Прыдзвіння».
Пачалі рэалізоўвацца новыя праекты, або старыя набылі незвычайны фармат. Сярод такіх — фестываль урбаністычнага мастацтва «Жывы бетон», гарадскі фестываль бардаўскай песні «Сем струн душы», фестываль нацыянальнай культуры «Легенды Беларусі», конкурс ансамблевай музыкі «Вясновая фантазія» і гэтак далей.
Тыя, хто даўно не быў у горадзе, кажуць, што ён папрыгажэў. На вуліцах з`явіліся новыя так званыя малыя архітэктурныя канструкцыі. У вячэрнія і начныя гадзіны Наваполацк робіць казачным новая светлавая ілюмінацыя.
На крамах, кавярнях, рэстаранах — банеры з фотаздымкамі самых прыгожых месцаў горада. І нават транспарт стаў «пазнавальным»: на аўтобусах можна ўбачыць летапіс «нафтаграда». А «Наваполацк у мініяцюры» стаў літаральна Меккай для гараджан і турыстаў: гэтая пляцоўка была ўсталяваная ў гарадскім парку...
На крамах, кавярнях, рэстаранах — банеры з фотаздымкамі самых прыгожых месцаў горада. І нават транспарт стаў «пазнавальным»: на аўтобусах можна ўбачыць летапіс «нафтаграда». А «Наваполацк у мініяцюры» стаў літаральна Меккай для гараджан і турыстаў: гэтая пляцоўка была ўсталяваная ў гарадскім парку...
Аўтар: Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 14 снежня 2018
Звязда, 14 снежня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/546/46014
Текущая дата: 29.12.2024