Белорусский портал в Казахстане

БУТБ прадставіць Беларусь на конкурсе лічбавых інавацый ААН World Summit Awards



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

Электронная гандлёвая пляцоўка прамысловых і спажывецкіх тавараў (ПСТ) ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" адабрана для ўдзелу ў конкурсе лічбавых інавацый World Summit Awards (WSA), які праводзіцца ААН, як самы перадавы і наватарскі праект у катэгорыі "Бізнес і камерцыя" ў Беларусі.

У 2018 годзе на атрыманне прэміі WSA прэтэндуюць 438 праектаў больш як 100 краін. Пляцоўка ПСТ уяўляе сабой электронную B2B-платформу, якая аб`ядноўвае тысячы прадаўцоў і пакупнікоў з Беларусі, краін СНД і Еўрапейскага саюза.

Асноўнае адрозненне рашэння БУТБ ад аналагічных анлайн-маркетплэйсаў - прымяненне біржавога механізма з магчымасцю правядзення здзелак непасрэдна на пляцоўцы ў рэжыме рэальнага часу.

На працягу бліжэйшых некалькіх тыдняў анлайн-журы конкурсу WSA разгледзіць усе пададзеныя заяўкі і складзе шорт-ліст з 15-20 праектаў у кожнай катэгорыі, якія будуць прадстаўлены на пасяджэнні галоўнага журы 4-7 лістапада ў сталіцы Ганы.

Па выніках пасяджэння журы вызначыць 40 лепшых праектаў, чые прэзентацыі адбудуцца на глабальным кангрэсе WSA, дзе і будуць аб`яўлены пераможцы конкурсу.

Папярэдні Глабальны кангрэс WSA прайшоў у Вене (Аўстрыя), сабраўшы звыш 700 удзельнікаў з усяго свету. World Summit Awards - міжнародны конкурс Сусветнага саміту ААН, накіраваны на падтрымку лічбавых інавацый з высокім патэнцыялам уплыву на грамадства. WSA праводзіцца з 2003 года ў адпаведнасці з рамачнай праграмай ААН "Інфармацыйнае грамадства" (UN WSIS).

1 кастрычніка 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/553/45161
Текущая дата: 15.11.2024