Белорусский портал в Казахстане

Міжнародны сімпозіум "Пісьменнік і час" пройдзе ў дні кніжнай выстаўкі ў Мінску



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

IV Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час" пройдзе ў дні XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая адбудзецца 28 лютага - 4 сакавіка.

На сімпозіум запрошаны знакавыя пісьменнікі блізкага і далёкага замежжа. Сваю згоду на ўдзел у ім пацвердзілі літаратары больш як 20 краін.

Асноўнымі тэмамі стануць сусветная мастацкая агульнасць як прыкмета сучаснай культуры, а таксама адзінства і разнастайнасць сусветнага літаратурнага працэсу; літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні як сродак пашырэння культурных узаемасувязей; 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў культурным жыцці розных народаў і вынікі юбілейнага года; літаратура ў лічбавую эпоху і інш.

Пашыраючы свае межы як па актуальных тэматычных напрамках, так і складзе ўдзельнікаў, за гады правядзення сімпозіум па праву стаў знакавым міжнародным праектам, накіраваным на захаванне духоўна-маральных асноў развіцця грамадства і дзяржавы, умацаванне гуманітарных сувязей паміж пісьменнікамі краін далёкага і блізкага замежжа.

Пад час сімпозіума адбудзецца семінар літаратараў-перакладчыкаў, які арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Беларусі ва ўзаемадзеянні з Міжнародным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін - удзельніц СНД у рамках рэалізацыі міжнароднага гуманітарнага праекта "Мінская ініцыятыва", а таксама літдыскусія маладых пісьменнікаў, арганізаваная пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Галоўнай тэмай XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу вызначана тэма "Беларусь - культурная пляцоўка Еўропы". Пачэсным госцем форуму будзе Сербія, цэнтральным экспанентам - Казахстан.

Выстаўка пройдзе ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. Уваход свабодны. Мерапрыемства арганізуюць Мінінфарм, Мінгарвыканкам, ААТ "Белкніга" і ПК ТАА "Макбел".

24 студзеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/558/42270
Текущая дата: 18.05.2024