Ужо за тыдзень да адкрыцця, якое адбудзецца вечарам 11 верасня, абсалютная большасць білетаў была раскупленая.
«Вікіпедыя», якая знае ўсё, вызначае брэсцкую «Белую вежу» як адзін з самых буйных і прэстыжных тэатральных фестываляў. Яно і зразумела, больш чым за два дзесяцігоддзі тут пабывалі тэатры з 58 краін свету і паказалі каля шасцісот спектакляў. Але «Вікіпедыя», пэўна, не ведае, што менавіта фэст стаў галоўнай прыкметай восені ў самым заходнім горадзе краіны.
Наш хоць і надзвычай добразычлівы, але пераборлівы глядач асабліва ахвотна ідзе на пастаноўкі з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Не дзіва, што фаварытамі сёлетняга фэсту сталі спектаклі «Пікавая дама» Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгена Вахтангава і «Адэскія апавяданні» Літаратурнага тэатра Алега Папова. Падольскі драматычны тэатр з Маскоўскай вобласці вязе нам «Плаху».
Пра монаспектакль «Пікавая дама» варта колькі слоў сказаць асобна. Яго прадставіць артыст Яўген Князеў. Шырокай публіцы акцёр знаёмы па серыяле «Вольф Месінг: які бачыў скрозь час». Рэктар Расійскага тэатральнага інстытута імя Шчукіна народны артыст Расіі Яўген Князеў пакажа «Пікавую даму» ў зале грамадска-культурнага цэнтра. Па сутнасці, артыст чытае Пушкіна, адзін агучвае ўсіх герояў. Але і ў Берліне, і на Сахаліне пасля спектакляў яму апладзіравалі стоячы. Паглядзім, як успрыме прачытанне Пушкіна брэсцкі глядач.
Сёлета на «Вежу» запрасілі калектывы, якія працуюць з дзецьмі і падлеткамі. Вось гэты дзіцячы блок назвалі сімвалічна «Белавежка», расказваў на прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю Аляксандр Козак. Тэатр-студыя «Паралель» з Баранавіч бывала ўжо на фестывалях і ў нашай краіне, і за мяжой. У Брэст яна вязе пластычны спектакль. Тэатр-студыя «Дуэт» з Санкт-Пецярбурга пакажа спектакль па творы Васіля Шукшына «Нядзельная туга».
Цікавай абяцае стаць і лялечная праграма. У афішы фэсту адзін з найлепшых лялечных спектакляў краіны — «Пансіён Belvedere» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. У Мінску ён ідзе з вялікім поспехам. А Кіеўскі акадэмічны тэатр лялек вязе да нас работу «Як загінуў Гуска». На гэты спектакль звярнуў увагу журналістаў Аляксандр Козак. Пастаноўка зроблена па творы Мікалая Куліша. У свой час пісьменнік быў рэпрэсіраваны, а яго творы трапілі пад забарону. На жаль, тэатралы рэдка звяртаюцца да творчасці гэтага драматурга. І дарэмна. У ёй аўтар сцвярджае праўду «маленькага чалавека», яго адвечнае права на разуменне і павагу.
Крыху інтрыгуе і назва брытанскага спектакля «Маргарэт». Так, гэта пра Маргарэт Тэтчэр. Монаспектакль пакажа артыст Піп Утан, які два гады таму атрымаў у Брэсце прыз за самую лепшую мужчынскую ролю.
Адкрывае тэатральны фэст Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — пастаноўкай «Рэвізор». Летась ён, дарэчы, таксама адкрываў фестываль, паказаўшы «Пінскую шляхту», якую вельмі ўпадабала наша публіка. А вось закрываць будуць гаспадары: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы дае «Нявольніц», сваю нядаўнюю прэм`еру, якая прайшла з поспехам.
Аўтар: Святлана Яскевiч
Звязда, 11 верасня 2018
Аўтар: Святлана Яскевiч
Звязда, 11 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/558/44892
Текущая дата: 15.11.2024