Гэты дзень з`яўляецца сорак шостым па грыгарыянскім календары, таму да канца года засталося 320 дзён.
Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць Стрэчанне. Якія яшчэ падзеі адбыліся 15 лютага і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 15 лютага
У 1386 годзе вялікі князь літоўскі Ягайла з братамі Карыгайлам, Свідрыгайлам, Вігандам і сваімі баярамі прыняў каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў.
У 1916 годзе ў Вільні пачалося выданне газеты "Гоман".
У 1989 годзе завяршыўся вывад савецкіх войск з Афганістана.
Хто нарадзіўся 15 лютага
1904 год: Ларыса Александроўская, беларуская оперная спявачка.
1912 год: Навум Перкін, беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік.
1932 год: Мікалай Якавенка, беларускі скульптар.
1959 год: Пятро Васючэнка, беларускі літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, драматург.
Таксама сёння нарадзіўся італьянскі астраном і фізік Галілеа Галілей.
15 лютага ў народным календары
Сёння Праваслаўная царква адзначае адзін з двунадзесятых свят – Стрэчанне Гасподняе. Свята ўстаноўлена ў гонар таго, як на 40-ы дзень пасля нараджэння Збавіцеля Марыя і Іосіф прыйшлі з ім у Іерусалімскі храм. Стрэчаннем гэта свята называюць таму, што тады Ісус упершыню сустрэўся са сваім народам.
У народзе гэты дзень лічылі пераходам да вясны. Казалі: "На Стрэчанне зіма з вясной сустрэліся". У хатах пяклі печыва ў выглядзе птушак, якія сімвалізавалі адступленне халадоў, і клікалі сонейка.
У гэты дзень у царкве свяцілі свечкі, якія называлі грамніцамі. Людзі верылі, што калі запаліць такую свечку падчас навальніцы, Маці Божая выратуе ад маланкі.
Па надвор`і на Стрэчанне даведваліся, якая будзе вясна. Адліга прадвяшчала ранні яе надыход.
Sputnik, 15 лютага 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/56/72663
Текущая дата: 18.11.2024