Белорусский портал в Казахстане

Што ў дзіцяці ў дзённіку: «генеральская булава» ці «салдацкая вінтоўка»? Разважанне ў Дзень ведаў



1 верасня, калі ў многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, адзначаецца Дзень ведаў, біскуп Юзаф Станеўскі разважае пра супрацоўніцтва бацькоў, настаўнікаў і вучняў у няпростай справе выхавання і адукацыі.

Браты і сёстры!

Вось і скончылася лета, ажылі школы і ўніверсітэты. Гэтыя дні перажываюць не толькі бацькі, але і педагогі. Свет змяняецца, а з ім і нашыя дзеці. Мы задаемся пытаннем і аналізуем, наколькі змяніліся патрабаванні часу і ці не пара ўжо ў чарговы раз дастасоўваць да іх навучальную праграму. Дарослыя перажываюць, а дзеці і моладзь радуюцца таму, што зноў прыйшоў час пазнання новага і цікавых адкрыццяў.

Аднак ёсць і штосьці пастаяннае, тое, што не змяняецца дзесяцігоддзямі, а менавіта пажаданне вучыцца «на дзесяць балаў» (цяпер, хіба што, толькі бабулі могуць яшчэ памыляцца і жадаць «пяцёрак»).

«Вучыся, — кажуць дарослыя, — і бяры прыклад са старэйшага брата ці сястры, суседа-медаліста, сына мамінай сяброўкі…»

Словам, амаль без варыянтаў, дзіця павінна быць такім, якім жадаюць яго бачыць бацькі. І калі сусед ці сын мамінай сяброўкі атрымае лепшы бал, зойме 1-е месца на алімпіядзе ці на спаборніцтвах па шахматах, чуецца папрок: «А ты чаго дасягнуў?..»

Дарагія бацькі, да вас хочацца звярнуцца ад імя вашых дзяцей. Ад такіх вашых пажаданняў і параўнанняў яны могуць адчуваць сябе вельмі няўтульна. Прынамсі, некаторыя з іх. Я не дакараю вас за дадзеныя дзецям настаўленні і не настойваю на тым, што ўсе дзеці менавіта такім чынам на іх рэагуюць. Але, тым не менш, мы не можам забывацца пра тое, што кожны чалавек — гэта асоба са сваёй унікальнай індывідуальнасцю. Няма двух цалкам аднолькавых людзей: нават блізняты адрозніваюцца адно ад аднаго, не кажучы ўжо пра суседскага хлопца ці таго незвычайнага вундэркінда — сына мамінай сяброўкі, пра якога яна з захапленнем распавядае ўсім і кожнаму.

Адны мараць пра палёты на суперлайнерах, другіх не адцягнеш ад старога бацькавага аўтамабіля, яшчэ хтосьці не ўяўляе сябе без камп’ютара, а іншы — без футбольнага мяча.

Трэба не навязваць дзецям таго, чаго хочацца дарослым: бацькам, дзядулям і бабулям, — а трэба падтрымліваць іх у тым, куды скіроўваюць іх асабістыя схільнасці і здольнасці, куды клічуць іх светлыя юнацкія мары.

Гэта значыць, што напачатку неабходна дапамагчы ім разабрацца ў сабе, выявіць свае ўнікальныя, атрыманыя ад Бога здольнасці і таленты. У гэтым распазнаванні і дзецям, і дарослым не абысціся без дыялогу.

Перш, чым вызначаць дзецям нейкі прыклад, узор для пераймання, трэба зразумець, хто для іх сапраўды з’яўляецца аўтарытэтам. І тут бацькоў можа чакаць здзіўленне, бо гэта можа быць зусім не фантастычны сын мамінай сяброўкі, а хтосьці цалкам на яго не падобны. Такім чынам можна лепш зразумець чаканні і мары сваіх дзяцей, іх бачанне жыцця і імкненні. Калі заўважым, што яны па наіўнасці проста паддаліся маніпуляцыі таго, што ім нахабна і агрэсіўна навязваецца як нейкая «сучасная мода», а насамрэч толькі для таго, каб імі маніпуляваць і нажывацца на маладой недасведчанасці, варта ім далікатна дапамагчы ў гэтым разабрацца. Выбар жыццёвага шляху — складаная задача, і тым, хто робіць на ім толькі першыя няўпэўненыя крокі, цяжка абысціся без дапамогі тых, хто ўжо нямала па ім прайшоў.

А гэта менавіта вы, дарагія бацькі, мамы і таты. Будзьце побач са сваімі дзецьмі, але не ў ролі суддзі ці турэмнага наглядчыка, а як старэйшыя сябры і спадарожнікі. Падкажыце, калі дзіця штосьці забылася; растлумачце, калі чагосьці не разумее; навучыце чамусьці новаму, калі ўжо прыйшоў на гэта час. Але ні ў якім выпадку не рабіце за сваіх дзяцей хатняе заданне! Проста дапамажыце ім правільна размеркаваць свой час і сілы, каб яны справіліся самі. Радасць ад самастойнага рашэння задачы і ўдзячнасць дзяцей будуць нашмат большымі, чым калі вы пакладзеце перад імі ўжо гатовае рашэнне.

Так і ў жыцці, і ў выбары далейшага шляху: не давайце дзецям гатовых рашэнняў, а пастарайцеся іх выслухаць, зразумець, падтрымаць і дапамагчы разабрацца самастойна.

Дзеці ёсць дзеці. Ім трэба таксама і гуляць, і адпачываць. Зусім неабавязкова «перагружаць» іх рознымі конкурсамі, факультатывамі, гурткамі і спартовымі секцыямі, у чым дарослыя часам не ведаюць меры. Не забудзьцеся, што ў дзіцяці павінны застацца час і ахвота на тое, каб хадзіць у касцёл на Імшу і на катэхезу, бо вера і хрысціянскія каштоўнасці — гэта той сапраўдны і надзейны арыенцір, які найлепш дапаможа ў пазнанні сябе і ў правільным выбары жыццёвага шляху.

1 верасня варта таксама ўзгадаць і пра тое, якое важнае месца ў працэсе адукацыі і выхавання займае школа. Педагогі — гэта першыя «саюзнікі» бацькоў у гэтай справе. Таму варта сапраўды супрацоўнічаць з імі, часта сустракацца, размаўляць, бо разам вы лепш зразумееце вашых дзяцей і іх індывідуальныя здольнасці і магчымасці.

У сувязі з гэтым жадаю перасцерагчы вас, дарагія бацькі: ніколі не «абвяшчайце вайну» настаўнікам і не выклікайце іх «на рынг». Вядома, вашыя дзеці — «самыя-самыя» (а як жа інакш!), але не варта даводзіць гэта педагогам з пазіцыі сілы. Будзьце гатовыя да таго, што ў школе дзіця можа паводзіць сябе не зусім так, як з вамі дома, таму спрабуйце ва ўсім спачатку разабрацца, каб падказаць, падтрымаць, а часам, можа, і пакараць, калі гэта неабходна для большага дабра дзіцяці.

Шлях выхавання і набыцця ведаў не бывае простым: тут даводзіцца ісці і «з горкі», і «пад горку». Таму няхай дзеці ніколі не баяцца вяртацца са школы дадому: і з дзесяцібальнай «генеральскай булавой», і са сціплай «салдацкай вінтоўкай» у дзённіку.

Як не бывае жаўнера без вінтоўкі, так не бывае і вучня без «двойкі». Атрыманая «чацвёрка» не заўсёды азначае, што дзіця не рыхтавалася: часам гэта паказчык слабейшых здольнасцяў і абмежаваных магчымасцяў у нейкім прадмеце. І калі сумленная праца не моцна паляпшае вынік, трэба радавацца і «чацвёрцы», як «дзясятцы», бо гэтая адзнака таксама сведчыць аб прыкладзеных стараннях, у меру магчымасцяў нашага дзіцяці.

І яшчэ. Бацькі павінны быць гатовымі да такіх пытанняў ад сваіх дзетак: «А ты, тата, з каго браў прыклад у школе?» «А ты, мама, якія мела адзнакі па англійскай мове?» І бацькам трэба з усёй шчырасцю не баяцца праўды пра сябе, бо менавіта праўда пра сябе вызваляе нас ад неапраўданых і завышаных чаканняў у адносінах да іншых людзей — нашых дзяцей.

На заканчэнне прапаную крыху паразважаць над настаўленнем святога апостала Паўла аб выхаванні і ўзаемаадносінах паміж бацькамі і дзецьмі:

«Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. Шануй бацьку свайго і маці — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб ты доўга жыў на зямлі. І вы бацькі, не раздражняйце вашых дзяцей, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана»
(пар. Эф 6, 1–4).

Божа, благаславі нас у гэтым новым 2018–2019 навучальным годзе.

Святая Марыя, Каралева Мудрасці, маліся за нас і навучы нас маліцца за нашых дзяцей і іх настаўнікаў, а таксама не дай ім забыцца пра штодзённую малітву перад вучобай і пасля яе.

Віншую ўсіх з Днём ведаў!

Біскуп Юзаф Станеўскі

P.S. Дарэчы, новая школьная форма вельмі прыгожая!

Catholic.by, 1 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/560/44782
Текущая дата: 15.11.2024