Выдатны беларускі хірург і навуковец, адзін з заснавальнікаў айчыннай школы траўматалогіі і артапедыі Іосіф Варановіч памёр 21 жніўня ва ўзросце 89 гадоў пасля працяглай хваробы.
Развітанне з нябожчыкам адбудзецца 23 жніўня ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры траўматалогіі і артапедыі (вул. Кіжаватава, 60, к. 4). Варановіча пахаваюць на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска.
Іосіф Варановіч нарадзіўся 3 снежня 1928 года ў мястэчку Гайна (цяпер аграгарадок ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці) у сям`і сялян.
У 1953 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Усё жыццё прапрацаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце траўматалогіі і артапедыі (цяпер РНПЦ траўматалогіі і артапедыі). У 1953—1955 гадах быў навуковым супрацоўнікам-клініцыстам. У 1955—1962 гадах кіраваў арганізацыйна-метадычным аддзелам інстытута і на грамадскіх пачатках быў урачом-лячэбнікам. З 1962 па 1971 гады кіраваў клінічным аддзелам і аддзяленнем траўматалогіі, з 1972 года па 1993-ці — узначальваў інстытут і адначасова займаў пасаду галоўнага траўматолага-артапеда Міністэрства аховы здароўя БССР і Рэспублікі Беларусь. З 1993 года — галоўны навуковы супрацоўнік медустановы.
На рахунку Варановіча некалькі тысяч хірургічных аперацый, якія ён практыкаваў да 80 гадоў. У 1987 годзе яму прысвоілі званне заслужанага дзеяча навукі. Навуковец заклаў аснову беларускай школы артапедаў-артролагаў і верцебролагаў (даследуюць паталогію пазваночніка, пашкоджанні спіннога мозгу), стаяў ля вытокаў хірургічнай артралогіі, эндапратэзавання, органазахавальных аперацый пры пухлінах касцей.
Варановіч — аўтар прыблізна 300 навуковых прац, у тым ліку манаграфій, навучальна-метадычных, медыцынскіх дапаможнікаў. Яму належаць дзясяткі аўтарскіх пасведчанняў, патэнтаў і рацыяналізатарскіх прапаноў.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 21 жніўня 2018
Мінск, 21 жніўня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/563/44614
Текущая дата: 15.11.2024