Белорусский портал в Казахстане

Аператыўная абстаноўка ў краіне падкантрольная органам унутраных спраў



Аб гэтым заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падчас справаздачы Аляксандру Лукашэнку 24 верасня ў Мінску.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, "у першую чаргу кіраўнік дзяржавы пацікавіўся крымінагеннай сітуацыяй у краіне за мінулы перыяд гэтага года. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на ўчыненыя злачынствы ў побыце, а таксама ў сельскай мясцовасці". Асобна Лукашэнка папрасіў паведаміць аб выніках барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, у тым ліку з карупцыяй. Была закранутая і міграцыйная сфера.

"Штосьці трэба нам у заканадаўстве папраўляць, як лічыць Міністэрства ўнутраных спраў. Калі так — калі ласка, абмяркуем", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як паведаміў міністр, аператыўная абстаноўка ў краіне "характарызуецца толькі асобнымі рэзкімі ўскладненнямі". "Нам зноў давялося рэагаваць на факт захопу заложнікаў. У другім надзвычайным здарэнні адзін супрацоўнік загінуў, другі атрымаў раненні. Але пры рэалізацыі адной з асноўных задач па прызначэнні самым галоўным вынікам лічу забеспячэнне зніжэння колькасці асоб, якія пацярпелі ад злачынстваў (мінус 3%), а таксама загінулых — амаль мінус 4%", — падкрэсліў Шуневіч.

Лукашэнка пацікавіўся ў Шуневіча, які таксама з`яўляецца старшынёй назіральнага савета хакейнага клуба "Дынама-Мінск", як цяпер будуецца праца ў хакейным клубе. "Неяк "калбасіць" гэтую каманду з пачатку года і ў перадсезонку. Добра згулялі дзве гульні на выездзе, асабліва з "Лакаматывам". Проста гераічна. З "Северсталлю" 4:1. І нейкая несамавітая гульня з маскоўскім "Дынама". Нейкія перапады. Што там адбываецца ў камандзе, як яны думаюць жыць і працаваць далей?" — задаў пытанне Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/563/45046
Текущая дата: 26.12.2024