Іерарх звярнуў увагу на неабходнасць змены менталітэту
Увечары 6 жніўня, калі Касцёл адзначае свята Перамянення Пана, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У гаміліі іерарх засяродзіўся на значэнні свята Перамянення ў жыцці хрысціяніна і звярнуў увагу на некаторыя актуальныя праблемы беларускага грамадства.
Перадусім кіраўнік беларускага епіскапату падкрэсліў, што Перамяненне Пана на гары Табор стала вялікай ласкай для апосталаў Пятра, Яна і Якуба, бо яны ўбачылі сапраўдную славу Езуса ў Божым Валадарстве. Да гэтай славы пакліканы кожны веруючы.
«Гэтая ласка была вельмі патрэбная ім, бо паказвала, што дзеля будучай славы варта цярпець»,
— дадаў іерарх.
Падчас Перамянення Бог Айцец наказаў выбраным апосталам слухаць свайго ўмілаванага Сына Езуса, аднак у цяжкую хвіліну яны пакінулі Яго…
«У нашым жыцці мы бываем падобныя да апосталаў. У Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах, Святым Пісанні мы сустракаем Езуса, але не заўсёды з’яўляемся вернымі Яму і не заўсёды Яго слухаем. Нам неабходная перамена. Найперш духоўная, якая дасягаецца ў сакрамэнце пакаяння, у змене грэшнага жыцця на жыццё ў Божай ласцы», — сказаў арцыбіскуп.
Іерарх таксама звярнуў увагу на неабходнасць змены менталітэту.
«Мы радуемся развіццю нашай краіны. Цешымся, што Беларусь становіцца больш адкрытай <…> Але ці гэтага дастаткова?
У апошні час мы бачым шмат негатыўных тэндэнцый, якія датычацца духоўнага жыцця нашага грамадства і яго менталітэту.
Цяпер абмяркоўваецца праект Закона аб хатнім насіллі. Касцёл супраць усялякага насілля, але прапанаваны Закон у пэўных момантах супярэчыць Святому Пісанню, асабліва ў галіне выхавання дзяцей, забараняючы караць іх за неадпаведныя паводзіны.
Як бульдозер, у нашай краіне пракладае сабе дарогу гендарная ідэалогія, сэнс якой у тым, што не фізіялогія акрэслівае пол чалавека, а грамадская культура. У Бібліі мы чытаем, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну. Такім чынам гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца Богу. Адрыванне полу ад біялогіі — гэта ўдар па тоеснасці і годнасці чалавека, а таксама знішчэнне грамадскіх каштоўнасцяў і сувязяў. Гендарная ідэалогія супрацьпастаўляецца сям’і як гістарычнай, Богам створанай структуры любві і жыцця.
Вялікую трывогу выклікае так званае „ўпарадкаванне“ Вайсковых могілак, за якімі, напэўна, распачнецца ўпарадкаванне іншых, у тым ліку і Кальварыйскіх. Старыя могілкі сапраўды патрабуюць упарадкавання, але не коштам нашай гісторыі. А нацыя, якая забываецца пра сваю гісторыю, гэтым самым адракаецца ад сваіх каранёў і не мае будучыні.
Апошнія месяцы першымі навінамі ў нашай краіне з’яўляецца праблема рэстарана „Поедем поедим“, размешчанага побач з Галгофай нашага народа — урочышчам Курапаты. Як такое магло здарыцца? Хто і чаму даў дазвол? Дзе этычныя нормы паводзінаў? Чаму побач з месцам генацыду нашага народа пабудавалі месца для забавы? Ці адэкватны чалавек пойдзе туды, ці будзе там весяліцца, гледзячы праз вакно на месца жудаснай мучаніцкай смерці нашых продкаў?
А можа, сумленне тых, хто даваў дазвол, хто будаваў і хто туды ідзе, спіць?.. Выглядае, што імкненне да нажывы любым коштам становіцца большым за павагу да месцаў пахавання пемерлых, тым больш нявінна загінулых.
У Курапатах патрэбны мемарыял — месца малітвы і роздуму над тым, што можа зрабіць адсутнасць любові да бліжняга, каб падобнае ніколі больш не паўтарылася, а не забаўляльныя цэнтры.
Узнятыя вышэй праблемы нашага грамадства і рэстаран „Поедем поедим“ — гэта „лакмусавая паперка“ маральнага стану нашага грамадства, якое патрабуе перадусім духоўнай перамены.
Няхай свята Перамянення Пана заахвоціць нас да яе, каб мы паважалі нашую гісторыю, а не глуміліся над ёю, і каб яна стала для нас сапраўднай настаўніцай жыцця.
Мы адвярнуліся ад Езуса, як адвярнуліся ад Яго Пётр і Якуб. Але потым яны вярнуліся да Яго і сталі Яго сведкамі. Вернемся і мы, каб у жыцці кіравацца маральнымі каштоўнасцямі і каб нам было добра ў нашай Беларусі, як апосталам на гары Табор», — завяршыў сваю гамілію Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт.
Catholic.by, 7 жніўня 2018
Catholic.by, 7 жніўня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/564/44513
Текущая дата: 24.12.2024