Пра гэта паведаміла БелаПАН прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.
Сімфанічны аркестр і Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве са славутым нямецкім рок-гуртом Rammstein.
14—15 верасня ўдзельнікі Rammstein наведалі Мінск, каб папрацаваць над новым праектам, інфармацыю аб якім музыканты трымаюць у таямніцы. Удзельнікі калектываў Белтэлерадыёкампаніі таксама не маюць права выдаваць падрабязнасці.
Пазнаёміцца з удзельнікамі знакамітай рок-каманды і разам папрацаваць у Вялікай студыі Дома радыё беларускім артыстам удалося дзякуючы нямецкаму імпрэсарыа і дырыжору Вільгельму Кайтэлю, з якім Белтэлерадыёкампанія даўно і плённа супрацоўнічае. Ён не першы раз выступае пасрэднікам у арганізацыі падобных праектаў. На яго рахунку тур Disney in concert з аркестрам медыяхолдынга, музыканты якога выканалі шэраг кампазіцый з фільмаў вядомай кампаніі. Разам з Акадэмічным хорам Белтэлерадыёкампаніі ў сакавіку гэтага года Кайтэль вярнуўся з гастроляў Zimmer Tour па Швейцарыі, Аўстрыі і Германіі.
Зараз плануецца сумесны праект з гуртам Rammstein, пра які музыканты ў хуткім часе павінны расказаць самі. "Аднак ужо сёння можна казаць пра тое, што вынік супрацоўніцтва будзе цікавым і здзівіць прыхільнікаў", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі.
Гурт Rammstein быў створаны ў 1994 годзе ў Берліне. Музычны стыль спалучае элементы індастрыял-металу і традыцыі нямецкай цяжкай музыкі. Амаль усе песні калектыў выконвае на нямецкай мове. Гурт таксама праславіўся сцэнічным шоу і эпатажнымі тэкстамі. Шоу Rammstein — адно з самых высокатэхналагічных у свеце, а тэхнічны персанал нямецкага калектыву ўваходзіць у лік самых прафесійных і дарагіх у міжнароднай канцэртнай індустрыі.
Адзіны канцэрт Rammstein у Беларусі прайшоў з аншлагам у сакавіку 2010 года на "Мінск-Арэне" ў межах сусветнага тура гурту, прысвечанага выхаду альбома Liebe ist fur alle da.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 верасня 2018
Мінск, 17 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/564/44971
Текущая дата: 25.12.2024