У Смаленскай вобласці спыненая спроба кантрабанды наркатычных сродкаў 25-гадовым грамадзянінам Беларусі, паведаміла прэс-служба рэгіянальнага ўпраўлення МУС РФ.
Супрацоўнікі батальёна дарожна-патрульнай службы па абслугоўванні аўтадарог федэральнага значэння на трасе Масква — Мінск у Краснінскім раёне звярнулі ўвагу на аўтамашыну, кіроўца якой няўпэўнена трымаўся на дарозе. Выказаўшы здагадку, што за рулём знаходзіцца асоба ў стане ап`янення, інспектары паехалі за падазроным аўтамабілем і спынілі яго недалёка ад дзяржаўнай мяжы Расіі.
Мужчына, які знаходзіўся за рулём транспартнага сродку, ад праходжання агляду на стан ап`янення адмовіўся, а яго пасажыр паспрабаваў пакінуць машыну і схавацца ад супрацоўнікаў паліцыі, аднак быў затрыманы і надгледжаны ў прысутнасці панятых. У заплечніку, які быў пры ім, супрацоўнікі ДІБДР (аналаг беларускай ДАІ) выявілі рэчывы сінтэтычнага і расліннага паходжання. Такія ж рэчывы былі выяўленыя на заднім сядзенні аўтамабіля.
Усё знойдзенае было канфіскаванае і накіраванае на экспертнае даследаванне, якое пацвердзіла, што гэта наркатычныя сродкі мефедрон, марыхуана і МДМА агульнай масай больш за 5 кг.
Кіроўца і пасажыр для далейшага разбору былі дастаўленыя ў аддзяленне паліцыі. Кіроўца растлумачыў, што раней не быў знаёмы з пасажырам і пасадзіў яго ў дарозе; нібыта малады чалавек папрасіў давезці яго да Беларусі. Той прызнаўся, што забароненыя рэчывы належаць яму.
Распачатая крымінальная справа па арт. 229.1 Крымінальнага кодэкса РФ (замах на кантрабанду наркатычных сродкаў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін ад 15 да 20 гадоў. Падазроны ўзяты пад варту.
БелаПАН
Мінск, 19 верасня 2018
Мінск, 19 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/564/44988
Текущая дата: 25.12.2024