Здымкі гістарычнай драмы пра лёс Янкі Купалы распачаліся на натурнай пляцоўцы «Беларусьфільму» у Смалявіцкім раёне.
27 ліпеня Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» распачала здымкі чатырохсэрыйнага фільма пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Аўтары плянуюць зрабіць таксама поўнамэтражную кінавэрсію стужкі. Праекту прысвоены статус нацыянальнага фільма.
У першы здымачны дзень на пляцоўцы працавалі юныя акторы, якія выконваюць ролю Купалы ў чатыры, сем і трынаццаць гадоў. Рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімер Янкоўскі не раскрыў, хто будзе граць дарослага паэта.
«Вельмі сур’ёзны выбар і вельмі вялікі кастынг. Не хачу памыліцца», — падкрэсьліў Янкоўскі.
У гутарцы з журналістамі рэжысёр распавёў, што карціна будзе на беларускай, расейскай, польскай і літоўскай мовах. Яе плянуюць скончыць да канца 2019 году.
Сюжэт фільма будуецца на фактах зь біяграфіі Янкі Купалы, паведамляе Эўрарадыё. Паколькі пра асабістае жыццё паэта вядома ня шмат, стваральнікі фільма дазволілі сабе прыдумаць пару рамантычных эпізодаў.
"Калі я пачаў займацца гэтым праектам, я проста закахаўся ў паэзію Купалы. І ўвогуле ва ўсю беларускую паэзію. Раней у мяне такога не было, — кажа Янкоўскі. — На жаль, чамусьці ў нашай краіне было дзіўнае стаўленьне да беларускай мовы за савецкім часам. Мы нават не разумелі, адкуль яна ўзялася. Ніхто ня ведае гісторыі. Ніхто ня ведае, што гэта мова Вялікага княства Літоўскага. Людзі думаюць, што гэта прыдуманая, штучная мова. Мы хочам пра гэта ў кіно таксама распавесьці — пакажам гісторыю краіны таго часу".
Радыё Свабода, 28 ліпеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/566/44357
Текущая дата: 16.11.2024