Белорусский портал в Казахстане

Фестываль аўтарскай рок-музыкі правядуць 30 чэрвеня-2 ліпеня ў Браславе



На фестываль аўтарскай рок-музыкі "Магутны Фэст 2018" у Браслаў з 30 чэрвеня па 2 ліпеня з`едуцца каля 2 тыс. гледачоў.

Тры летнія дні на пляжы горада будзе праходзіць другі open-air фестываль "Магутны Фэст". Форум адкрыты як для пачынаючых калектываў, так і для мэтраў рок-сцэны. Яго мэта - сабраць у адным месцы лепшых прадстаўнікоў аўтарскай рок-музыкі.

"За фестывальныя дні гледачы пачуюць амаль 30 груп, якія выконваюць уласныя песні. Большасць з іх беларускія музыканты, але прыедуць два калектывы з Расіі, а спецыяльным госцем стане італьянская Anthropos", - распавялі арганізатары.

У час фестывалю меламаны змогуць не толькі атрымаць асалоду ад жывой музыкі, але і адпачыць на пляжы, пракаціцца на маторных лодках. Будуць працаваць фудкорты, а ўдзельнікі клуба рэгбі "Унія" правядуць майстар-клас па гэтым відзе спорту.

У параўнанні з мінулым годам запланавана больш забаўляльных пляцовак, інтэрактыўных мерапрыемстваў і конкурсаў, якія ўзнімуць настрой перад пачаткам канцэртнай часткі. Дзённая праграма спадабаецца і аматарам актыўнага адпачынку, і жадаючым пашырыць свой музычны кругагляд.

Не расчаруе яна і тых, хто наогул не збіраецца спаць і з раніцы будзе гатовы да рок-н-рольнага адрыву. Удзельнікі фестывалю змогуць размясціцца не толькі пад дахам дома або гасцініцы, але і ўстанавіць палаткі каля сцэны.

Акрамя таго, на працягу трох дзён у гасцей форуму будзе магчымасць азнаёміцца з гісторыяй і прыродай Браслаўскага краю, паглядзець мясцовыя славутасці.

Арганізатарам форуму выступіла студыя гуказапісу "9" пры падтрымцы аднаго з браслаўскіх кафэ.

29 чэрвеня 2018, Віцебск
Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/570/44022
Текущая дата: 16.11.2024