Белорусский портал в Казахстане

Прызначаная дата суда над лідарамі прафсаюза РЭП



Судовы разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да старшыні прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і кіраўніка мінскай гарадской структуры арганізацыі Ігара Комліка пачнецца 30 ліпеня.

Як паведаміў Фядыніч, справу будзе разглядаць суд Савецкага раёна Мінска. Аднак, як вынікае з позвы, слуханні будуць праходзіць у памяшканні суда Ленінскага раёна, у Доме правасуддзя на вуліцы Сямашкі. Пачатак першага паседжання — у 11.30.

Крымінальная справа была распачатая ў жніўні 2017 года. Фядыніч і Комлік абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры).

Паводле даных Следчага камітэта, яны незаконна адкрылі рахунак у літоўскім банку, на які паступала замежная валюта ад нерэзідэнтаў Беларусі. У 2011 годзе на гэты рахунак паступіла больш за 140 тыс. еўра. Факты паступлення грошай не адлюстроўваліся ў фінансавай справаздачнасці і падатковай дэкларацыі прафсаюза. Сума нявыплачаных падаткаў ацэньваецца больш чым у 22 тыс. рублёў.

Міжнародныя прафцэнтры і беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады Беларусі спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка, лічачы яго палітычным.

Раней старшыня прафсаюза РЭП заяўляў, што "ўлада можа выкарыстаць прысуд па справе прафсаюзаў для зачысткі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года". Фядыніч перакананы, што, "якім бы ні быў прысуд, РЭП будзе працаваць". "Прафсаюз перастане працаваць толькі ў тым выпадку, калі згубіць падтрымку людзей. Сёння кожны дзень да нас ідзе народ са сваімі праблемамі", — дадаў прафсаюзны лідар.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 17 ліпеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/576/44233
Текущая дата: 27.12.2024