Белорусский портал в Казахстане

«Не ўсё, што цвіце, прыносіць плады. Кветка ад кветкі розніцца»



Зварот дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага да моладзі.

Дарагі сябра! Веснавы час радуе вока прыгожай і духмянай квеценню, якае не толькі вабіць вока, але і забяспечвае будучыню розных гатункаў флоры, калі на змену кветкам прыходзіць завязь, а потым — плод.

Аднак на кожным лузе заўжды знойдзецца і кветка без завязі, якая не дасць пладоў — пустацвет. Што гэта значыць? Бесперспектыўнасць. Як кажуць: «Не ўсё, што блішчыць, — золата».

Падчас Трэціх усебеларускіх дзён каталіцкай моладзі ў Гродне юнакі і дзяўчаты задавалі такое пытанне: «Чаму той, хто не ходзіць у касцёл і нават не верыць у Бога, жыве лепш і багацей за веруючага?»

Прыгледзімся да садоўніка. Ён заўважае пустацвет. Нам, звычайным людзям, усё адно. Цвіце сабе прыгожа, і няхай цвіце. Скончыцца час веснавой квецені, павее рэзкі вецер і прыходзіць пара, калі пра кветку ўжо ніхто не думае: людзі збіраюць ураджай. Добры плод і гаспадара суцешыць, і эканамістам падлічыцца.

А цяпер — пытанне: ці чалавек, які цвіце, нібы кветка, і радуецца, не звяртаючы ўвагі на Таго, ад каго паходзіць кожны добры плод і ўсё зямное багацце, забярэ з сабой штосьці большае, чым сухі пустацвет, развеяны ветрам часу па бясконцай прасторы?..

Мы, хрысціяне, пакліканы да жыцця ў блізкіх адносінах з Панам Богам. А Ён, як садоўнік, клапоціцца пра нас, часам «прывівае», часам нават «падразае» — не толькі сухую галінку, але і зялёную «дзічку». Ён добры Гаспадар. Мы ў Яго далонях.

Прыпавесць

Адзін добры і працавіты гаспадар пабудаваў прыгожы вялікі дом, пасадзіў пры ім сад і выкапаў сажалку. А побач з ім у нягеглай хаціне жыў зайздросны гультай, які толькі і меў клопату, што надакучаць свайму працавітаму суседу.

Аднойчы добры гаспадар выйшаў з хаты, каб палюбавацца прыгажосцю прыроды, і ўбачыў на сваім ганку бруднае вядро са смеццем — «падарунак» ад суседа-гультая.

Выкінуўшы смецце, ён памыў вядро, назбіраў у яго самых прыгожых і спелых яблыкаў і занёс суседу. Той, убачыўшы сваё вядро, здзівіўся: «Чаму ты аддаеш мне вядро з яблыкамі: я ж «адарыў» цябе смеццем?!» Гаспадар адказаў: «Кожны дае другому тое, што мае ў сваім сэрцы».

«Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрцца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя» (пар. Лк 6, 43–45).

Запрашаю да разважання над чалавечай логікай і Божай праўдай.

З Богам!

Catholic.by, 8 траўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/578/43382
Текущая дата: 15.11.2024