Белорусский портал в Казахстане

Былая кіраўніца ФСАН Людміла Бачыла прыгавораная да васьмі гадоў пазбаўлення волі



У судзе Бачыла сваю віну не прызнала.

Суд Ленінскага раёна Мінска 18 красавіка абвясціў прысуд па справе аб дачы хабараў кіраўніцтвам СЗАТ "БелАВМ" кіраўніцтву і прадстаўнікам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Мінпрацы і сацабароны, АРІП і Нацбанка Беларусі.

Рашэннем суда былая кіраўніца ФСАН Людміла Бачыла, абвінавачваная ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і атрыманні хабару ад гендырэктара "БелАВМ" Дзмітрыя Роніна у 20 тыс. долараў за, як сцвярджае следства, забеспячэнне перамогі кампаніі ў тэндарах 2015—2016 гадоў на пастаўку абсталявання ў ФСАН, прыгавораная да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і забаронай на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый. Адбываць пакаранне яна будзе ў калоніі агульнага рэжыму.

У судзе Бачыла сваю віну не прызнала.

Былы начальнік упраўлення інфарматызацыі ФСАН Віталь Старавойтаў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права на працягу пяці гадоў займаць кіруючыя пасады.

Яго абвінавачваюць у тым, што атрымаў праз супрацоўніка кампаніі Роніна Леаніда Гарбачэўскага 4 тыс. долараў таксама за садзейнічанне перамозе "БелАВМ" у электронных таргах. У гэтым эпізодзе фігуруе і былы намеснік дырэктара СЗАТ Мікалай Рамановіч. Нібыта менавіта яны трое распрацавалі "патрэбнае" тэхнічнае заданне, якое дазволіла кампаніі перамагчы ў аўкцыёне.

Гарбачэўскі і Рамановіч — два з васьмі абвінавачваных, хто знаходзіўся не пад вартай, а пад падпіскай аб нявыездзе. Яны прызналі сваю віну ў інкрымінаваных злачынствах.

Гарбачэўскі прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу. Рамановіч — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу.

Не прызналі ў судзе віну ў злоўжыванні ўладай і арганізацыі атрымання хабару былы начальнік галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацбанка Анатоль Мароз і ў атрыманні хабару намеснік Мароза Кацярына Паўлоўская. Яна таксама абвінавачвалася ва злоўжыванні ўладай.

Мароз і Паўлоўская абвінавачваліся ў атрыманні хабараў ад Роніна ў выглядзе 3.200 долараў і шостага "Айфона" адпаведна за тое, што забяспечылі выдачу дазволу "БелАВМ" на прадаўжэнне тэрміну завяршэння знешнегандлёвай аперацыі, нягледзячы на тое што час для падачы ў Нацбанк такой заявы ўжо прайшоў. Паўлоўская і Мароз былі ў сяброўскіх адносінах з Роніным, жанчыне ён дарыў дарагія падарункі.

Мароз судом прыгавораны да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 400 базавых велічынь, без канфіскацыі маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. У першапачатковым абвінавачанні Марозу інкрымінавалася атрыманне хабару. У прыгаворы суда засталося абвінавачанне ў арганізацыі атрымання хабару iншай асобай. Пракурор прасіў суд прыгаварыць Мароза да такога ж пакарання, але з канфіскацыяй маёмасці.

Паўлоўская прыгавораная да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у 300 базавых велічынь, канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Былога старшыню праўлення ААТ "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "Адзіная разлікова-інфармацыйная прастора" (АРІП) Алега Верамейчыка, які абвінавачваецца ў злоўжыванні ўладай і атрыманні хабараў ад гендырэктара "БелАВМ" за забеспячэнне перамогі СЗАТ у тэндары на пастаўку абсталявання, суд прыгаварыў да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Віну ў судзе Верамейчык прызнаў.

Сам Ронін прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Нагадаем, у апошнім слове ён тройчы прасіў прабачэння ў астатніх абвінавачваных.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 18 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/580/43167
Текущая дата: 15.11.2024