Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка падпісаў указ № 142 "Аб павышэнні пенсій", паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Дакументам прадугледжаны "пераразлік працоўных пенсій з 1 мая 2018 года ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы шляхам карэктавання фактычнага заробку пенсіянераў зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій".
У выніку пераразліку пенсіі павялічацца ў сярэднім на 5,4%.
У сакавіку 2018 года адносна папярэдняга месяца рэальны памер пенсій знізіўся на 0,8%, за год — вырас на 0,3%.
Зніжэнне рэальнага памеру пенсій назіраецца чацвёрты месяц запар (у снежні 2017-га — на 0,3%, студзені — на 0,8%, лютым — на 0,7%) пасля росту ў лістападзе 2017 года на 4,3%.
Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў сакавіку 2018 года ў параўнанні з лютым не змяніўся і складаў 323,2 рубля.
У органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў сакавіку 2018 года на ўліку знаходзіліся 2 млн 592,3 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 314,8 рубля (на тым жа ўзроўні, што і ў лютым), што ў 2,1 разу перавысіла бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.
Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 291,3 рубля (не змяніўся), у сувязі са стратай карміцеля — 221,1 (не змяніўся), сацыяльных пенсій — 184,9 (не змяніўся).
1 лістапада 2017 года пенсіі былі павышаныя ў сярэднім на 5%. Указ прэзідэнта № 377 "Аб павышэнні пенсій" ад 17 кастрычніка прадугледжваў пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ў краіне.
Працоўныя і сацыяльныя пенсіі у 2018 годзе павінны вырасці на 12%. Гэта прадугледжана бюджэтам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
1 лютага 2018 года былі павялічаныя мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Мінімальны памер пенсіі па ўзросце складае 181,94 рубля, сацыяльных — 219,25, даплаты да пенсій асобам, якія дасягнулі 75 гадоў, — 37,37, 80 гадоў — 49,83. Надбаўкі да пенсій інвалідам I групы складаюць 49,83 рубля, дапамогі па доглядзе — 199,32 (інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80 гадоў, пры доглядзе адной асобы) і 239,18 (пры доглядзе двух і больш асоб) рубля.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 26 красавіка 2018
Мінск, 26 красавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/580/43248
Текущая дата: 15.11.2024