На Беларускай валютна-фондавай біржы раніцай 11 красавіка працягнуўся хуткі рост курсаў асноўных валют.
За першыя 40 хвілін каціроўка амерыканскага долара ўзрасла на 4,04 капейкі, або на 1,99%, да 2,0662 рубля, еўра — на 7,44 капейкі (2,99%) да 2,5623 рубля. Пры гэтым расійскі рубель упаў на 2,65 капейкі (0,82%) да 3,2242 рубля (за 100 адзінак).
Такім чынам, паводле вынікаў таргоў, якія завершацца ў 13.00, курс еўра можа ўсталяваць новы гістарычны рэкорд. Папярэдні быў зафіксаваны на таргах 12 лютага 2016 года — 2,4956 рубля (24.956 без уліку дэнамінацыі).
Напярэдадні долар падаражэў на 5,01 капейкі (2,54%) да 2,0258 рубля, еўра — на 6,52 капейкі (2,69%) да 2,4879 рубля. Расійскі рубель патаннеў на 10,83 капейкі (3,22%) да 3,2507 рубля (за 100).
З пачатку тыдня біржавы кошт амерыканскай валюты павялічыўся на 5,22%, еўра — на 6,73%, расійскага рубля — знізіўся на 5,02%.
Прычынай рэзкай змены курсаў валют стала сітуацыя на расійскім рынку, які хваравіта адрэагаваў на новы пакет санкцый, уведзеных Злучанымі Штатамі супраць РФ. З 7 да 11 красавіка афіцыйны курс долара да расійскага рубля вырас на 8,32% (з 57,5796 да 62,3699). Аб 11-й гадзіне 11 красавіка на Маскоўскай біржы долар таргаваўся па 63,81 рубля.
У курсаўтварэнні Нацыянальны банк Беларусі выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля складае 50%, долара ЗША і еўра — 30 і 20%.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 11 красавіка 2018
Мінск, 11 красавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/581/43118
Текущая дата: 15.11.2024