Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла павіншавала суайчыннікаў з юбілеем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і заклікала іх быць годнымі ідэалаў 25 сакавіка.
У віншаванні, размешчаным на youtube, Сурвіла адзначыла, што сёння Беларусь святкуе не толькі юбілей тых слаўных падзей, калі беларускі народ "абвясціў свету, што скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, але і 100-годдзе змагання".
"Сёння, 100 год пасля абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларусь жыве і жывуць ідэалы 25 сакавіка. Шлях наш быў цярністым, але мы выжылі і не дазволі згаснуць нашай паходні надзеі <...>. Не было б БНР — не было б БССР і не было б незалежнай дзяржавы Беларусь", — перакананая Івонка Сурвіла.
Аднак ідэалы 25 сакавіка яшчэ не дасягнуты, дадала яна. "Беларускі дом яшчэ ўсё не зусім беларускі, і незалежнасць яго яшчэ ўсё пад пагрозай", — падкрэсліла старшыня Рады БНР. "Ці хопіць у нас вытрываласці, каб адбудоўваць яго, пакуль не адродзім назаўсёды жыццё рэспублікі сваёй? Ці перажытае прамыванне мазгоў чужой прапагандай дазволіць нашым людзям прызнаць, што былі яны анямелымі ахвярамі чужога захопніка? І ці зразумее народ, што будучыня ў яго руках і што ад яго залежыць, ці Беларусь станецца заможнай краінай Еўропы ці застанецца эксплуатаванай калоніяй нядобразычлівых вертыкалаў?" — сказала яна.
"Ідэалы 25 сакавіка жывуць і будуць жыць, але ад кожнага з нас залежыць, калі мы іх здзейснім. Дык давайце скарыстаем з гэтага вялікага юбілею, каб даказаць сабе і свету, што мы іх годныя. Жыве Беларусь!" — так завяршыла сваё віншаванне Сурвіла.
Урад і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была абвешчана 25 сакавіка 1918 года, са студзеня 1919-га знаходзяцца ў выгнанні. Цяперашні старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла жыве ў Канадзе.
Мінск, 25 сакавіка 2018
Мінск, 25 сакавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/584/42942
Текущая дата: 15.11.2024