Ігар Мельнікаў выдаў кнігу, якая стане крокам да вяртання ў Беларусі памяці пра "жалезную" дывізію.
Гісторык Ігар Мельнікаў працягвае публікаваць дакументы па гісторыі міжваенннай Беларусі, у якой і да гэтага часу захаваліся факты, якія нельга абмінуць увагай.
Напрыклад, інфармацыя пра 20-ую дывізію пяхоты Войска Польскага. Ворагі называлі яе "жалезнай", а польскае камандаванне, неафіцыйна, "беларускай". Гэта яна ў 1939 годзе першай сустрэла нямецкіх акупантаў і пра яе доўгі час не ўспаміналі ў Беларусі.
Падзеі тых часоў Мельнікаў расказвае ў сваёй кнізе "20 дывізія пяхоты", выдадзенай на польскай мове ў серыі "Вялікая кніга польскай пяхоты".
"Гэта кніга не супраць савецкіх ветэранаў і савецкай гісторыі"
Гісторык прадстаўляе чытачам вялікую колькасць невядомых у Беларусі здымкаў і матэрыялаў, узятых з польскіх архіваў, збораў польскіх даследчыкаў, а таксама з уласнага архіва.
Першае пытанне: чаму менавіта па-польску, а не па-беларуску? Па словах аўтара, тут усё проста: да яго звярнуліся з польскага выдавецтва і прапанавалі заняцца такой цікавай працай.
"Мая місія ў тым, каб данесці гістарычную праўду да людзей, да беларускага грамадства. Гэта кніга не супраць савеціх ветэранаў ці савецкай гісторыі, якую я, дарэчы, таксама паказваю і апісваю. Гэта кніга пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага, пра якіх таксама варта памятаць і гаварыць, таму што гэтыя людзі таксама гераічна змагаліся супраць нацыстаў, але Беларусь пра іх доўгі час не памятала. Прыйшоў час расказаць", — тлумачыць Ігар Мельнікаў.
Ён падкрэслівае, што з першага дня Другой сусветнай вайны ў складзе Войска Польскага было каля 70 тысяч беларусаў: усе яны мужна ваявалі супраць нацыстаў, у тым ліку і славутая дывізія Касцюшкі, якая потым змагалася за вызваленне Польшчы. Пра беларусаў у польскім войску ўвогуле можна выдаць асобную кнігу.
Надрукаваная гісторыя 20-ай дывізіі складаецца з некалькіх раздзелаў, прысвечаных аднаму з палкоў, што ўваходзілі ў яе склад. Усяго іх было тры: 78-ы — у Баранавічах, а 79-ы і 80-ы — у Слоніме.
Расказваючы пра палкі, нельга абмінуць увагай і некаторых гістарычных асоб — камандуючых і жаўнераў. Напрыклад, пра камандуючага 79-ым палком Забароўскага не было ўвогуле ніякай інфармацыі. Пасля працы ў вайсковых архівах давялося даведацца, што менавіта гэты чалавек з 1935 па 1939 год быў вайсковым аташэ ў Маскве, адкуль — вясной 1939 года — яго направілі камандаваць палком у Заходнюю Беларусь, дзе ён ваяваў, пакуль не трапіў у палон.
"Аказалася, што над гэтымі дакументамі да меня ніхто не працаваў. Гэта вельмі цікава, улючваючы той факт, што пра камандзіраў другіх палкоў можна было знайсці звесткі нават у інтэрнэце. Менавіта таму варта было зрабіць гэтую працу", — адзначыў Мельнікаў.
Бітва пад Млавай: як ваявалі "флегматычныя" беларусы
Некаторая частка ў кнізе належыць бітве пад польскім горадам Млава. Гэта была значная бітва пачатку Другой сусветнай вайны, у якой удзельнічала шмат беларусаў.
З 1 па 3 верасня 1939 года 20-ая дывізія змагалася з нацыстамі. Гэтыя тры дні адыгралі важную ролю: атрымалася пабудаваць лінію абароны, узмацніла сваю лінію абароны і Модлінская крэпасць. Але галоўнае — былі парушаныя планы немцаў, якія хацелі як мага хутчэй дабрацца да Варшавы менавіта праз Млаву.
Зараз кожны год кіраўніцтва горада праводзіць тут вялікую рэканструкцыю бітвы. Каб паказаць беларускі акцэнт, Ігар Мельнікаў таксама ўдзельнічае ў мерапрыемстве.
"Я удзячны палякам за тое, што яны ніколі не перацягвалі на сябе коўдру і абавязкова падкрэсліваюць: гэта не толькі наша бітва, але і беларуская. Мне давялось пабачыць дакументы з архіва Сікорскага ў Лондане з успамінамі воінаў трох палкоў. Былі сярод іх тыя, хто падкрэсліваў мужнасць "флегматычных" беларусаў", — расказаў аўтар.
Два гады назад падчас рэканструкцыі яму давялося паразмаўляць з апошнім удзельнікам бітвы пад Млавай маёрам Венгелем. Калі той пачуў пра беларуса, адразу ж нагадаў, што "вашыя тут ваявалі".
"Я буду рабіць усё, каб у Беларусі памяталі, што гэтыя хлопцы таксама гераічна змагаліся з нацыстамі. Гэта варта, каб гістарычную памяць, якая да Беларусі толькі вяртаецца, шанавалі", — заключыў Ігар Мельнікаў.
Мінск, 13 студзеня 2018
Sputnik
Мінск, 13 студзеня 2018
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/595/42118
Текущая дата: 15.11.2024