Белорусский портал в Казахстане

Акцыя "Нашы дзеці" дае дзецям і дарослым магчымасць адчуць сябе шчаслівымі



Першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчага сакратара СНД Віктар Гумінскі ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" павіншаваў з надыходзячымі святамі падапечных Беларускага дзіцячага хоспіса і ўручыў ім падарункі.

Выканкам Садружнасці традыцыйна прымае актыўны ўдзел у акцыі "Нашы дзеці".

Паводле слоў Віктара Гумінскага, бягучы год з`яўляецца асаблівым. "У Садружнасці Незалежных Дзяржаў 2017 год быў аб`яўлены Годам сям`і. У выканкаме працуюць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў Садружнасці, яны заўсёды разам з беларусамі актыўна ўдзельнічаюць у акцыі "Нашы дзеці", у жыцці Беларускага дзіцячага хоспіса. Мы падтрымлівалі яго яшчэ на стадыі будаўніцтва. Сёння сваімі падарункамі мы хочам унесці ў жыцці невылечна хворых дзяцей і іх сем`яў часцінку навагодняга чараўніцтва, якая зможа сагрэць іх і падарыць надзею", - сказаў ён.

Віктар Гумінскі падкрэсліў, што акцыя "Нашы дзеці" дае магчымасць адчуць сябе шчаслівымі і дзецям, і дарослым. У час візіту кожны падапечны ўстановы атрымаў у падарунак мяккую цацку, кіраўніцтву хоспіса першы намеснік старшыні ўручыў грашовы сертыфікат.

Дзяцей, іх бацькоў і калектыў установы з надыходзячымі святамі павіншавала таксама старшыня папячыцельскага савета Беларускага дзіцячага хоспіса Вольга Кабякова.
___________________________________________

Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў Беларусі 11 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў і арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем`і, дзіцячыя бальніцы, аказваюць ім дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем, уручаюць дзецям падарункі.

Радыё Беларусь, 23 снежня 2017 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/599/41752
Текущая дата: 14.11.2024