Белорусский портал в Казахстане

Арцыбіскуп Кандрусевіч пракаментаваў магчымае стварэнне ў Беларусі Рады хрысціянскіх канфесій



Паводле слоў іерарха, падобныя Рады сапраўды ўжо дзейнічаюць у Расіі і ва Украіне.

19 снежня падчас каляднай прэс-канферэнцыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адказваючы на пытанні журналістаў, выказаў сваю думку наконт магчымага стварэння ў Беларусі Рады хрысціянскіх канфесій.

«У Расіі гэта Хрысціянскі міжканфесійны кансультатыўны камітэт (ХМКК), створаны ў 1993 годзе, — адзначыў арцыбіскуп. — Калісьці я быў адным з сустаршыняў гэтага Камітэту, у пасяджэннях якога, як правіла, прымаюць удзел і прадстаўнікі з краін былога Савецкага Саюза».

Мітрапаліт Кандрусевіч дадаў, што падобныя аб’яднанні носяць нефармальны характар.

«Гэта нефармальныя рады. Яны не зарэгістраваныя і не маюць юрыдычнага статусу. Аднак яны збіраюцца, каб выказаць сваё меркаванне па тых ці іншых праблемах грамадства. Я — за тое, каб такая Рада існавала і ў нас».

На думку іерарха, адным з пунктаў для абмеркавання такой Радай магло б стаць пытанне беларускай біблійнай тэрміналогіі.

«Кожная канфесія карыстаецца сёння сваім перакладам і тэрміналогіяй, прынятымі ў Касцёле і Царкве, але было б добра, каб была і “агульная” тэрміналогія. Гэта важна, бо пакуль у нас няма сталай навуковай тэрміналогіі. У гэтым плане было б добра працаваць разам», — заключыў іерарх.

Мітрапаліт дадаў, што ў Беларусі падобная міжканфесійная рада ўжо дзейнічае пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

«Наколькі я ведаю, у Расіі і ва Украіне такія Рады дзейнічаюць без удзелу дзяржавы. Магчыма, ёсць сэнс пераняць такі ж вопыт і Беларусі».

Ілья Лапато
Catholic.by, 19 снежня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/601/41674
Текущая дата: 15.11.2024