Рыгор Кастусёў абраны новым старшынёй Партыі БНФ на з`ездзе арганізацыі 30 верасня ў Мінску.
У тайным галасаванні ўзялі ўдзел 163 чалавекі, адзін бюлетэнь прызнаны несапраўдным.
За Кастусёва прагаласавалі 107 дэлегатаў, за старшыню Наваполацкай раённай арганізацыі Вольгу Дамаскіну — 32, прадпрымальніка Ілью Дабратвора — 11, бізнесмена Васіля Астроўскага — сем, прадпрымальніка Алеся Талстыку і магілёўскага актывіста Аляксандра Страха — па два.
Кастусёў паводле вынікаў галасавання заклікаў "працаваць разам на карысць партыі, радзімы і незалежнасці". "Я буду працаваць не шкадуючы сіл, таго ж буду патрабаваць і ад іншых. Толькі так мы здолеем адстаяць незалежнасць нашай краіны", — сказаў ён.
Папярэдні старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сваю кандыдатуру на выбары не выстаўляў, бо паводле статута адзін чалавек не можа ўзначальваць партыю больш як два тэрміны.
Намеснікамі старшыні партыі абраныя Янукевіч, Алесь Стральцоў, Вадзім Саранчукоў, Дзмітрый Салошкін і Юрый Лукашэвіч.
Кастусёў нарадзіўся 17 красавіка 1957 года ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі (1975—1977).
Працаваў галоўным інжынерам саўгаса "Друць" Бялыніцкага раёна (1983—1988), дырэктарам саўгаса "Іскра" Бялыніцкага раёна (1988—1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб`яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі (1995—2001).
Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства "Гідрасіла — Белая Русь" у Магілёве (2002—2004).
Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ад Аб`яднаных дэмакратычных сіл.
Намеснік старшыні Партыі БНФ з 2009 года.
У 2010 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, набраў 1,97% галасоў выбаршчыкаў.
Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 30 верасня 2017
Мінск, 30 верасня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/610/40841
Текущая дата: 15.11.2024