Белорусский портал в Казахстане

У мінскім музеі прадставяць сапраўдную 500-гадовую Біблію Скарыны



7 верасня ў 17.00 у межах мерапрыемстваў Дзён беларускага пісьменства ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава «Беларусь: адраджэнне духоўнасці».

Адна з задач праекта — паказаць шляхі фарміравання духоўных прынцыпаў жыцця беларусаў у розныя часы праз народныя традыцыі, рэлігію, мастацтва. Наступная задача — адлюстраваць станоўчыя працэсы адраджэння духоўнасці ў нашыя дні: рост цікаўнасці беларусаў да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне дзяржавай належных умоў для развіцця культуры і функцыянавання рэлігій.

Статус міжнароднай выстава набывае дзякуючы ўдзелу ў ёй Дзяржаўнага гістарычнага музея г. Масквы, які прэзентуе ўнікальны помнік кнігавыдавецкай справы — пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 г.

Гэтая кніга, на жаль, адсутнічае ў Беларусі. Расійскія калегі не толькі далі дазвол на экспанаванне рарытэту, але і адсканавалі яго асобныя старонкі, каб наведвальнікі мелі магчымасць «пагартаць» Біблію з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій.

Выстава знаёміць з гісторыяй узнікнення і функцыянавання рэлігій на тэрыторыі Беларусі. Адкрывае экспазіцыю раздзел, прысвечаны язычніцтву — традыцыйнай рэлігіі старажытных плямёнаў на тэрыторыі краіны. Самы вялікі раздзел экспазіцыі пазнаёміць з асноўнымі рэлігіямі – праваслаўем, каталіцызмам, іўдаізмам, ісламам.

У экспазіцыю ўвойдзе звыш 400 помнікаў гісторыі і культуры, многія з якіх будуць экспанавацца ўпершыню: пячатка Еўфрасінні Полацкай ХІІ ст., сценапіс Праабражэнскай царквы Спасаўскага манастыра ў Полацку ХІХ ст., унікальная калекцыя срэбных кідушных бакалаў, алтарны каталіцкі жывапіс і інш.

У выставе таксама бярэ ўдзел Свята-Елісавецінскі манастыр, які пакажа сучасныя ўзоры іерэйскага адзення, абразы, плашчаніцы. Заключны раздзел прысвечаны кніжнай культуры і дзейнасці беларускага асветніка-гуманіста Францішка Скарыны.

Па задуме арганізатараў, выставу будзе суправаджаць шэраг інтэрактыўных элементаў, у прыватнасці, друкарскі станок, з дапамогай якога кожны зможа вырабіць копію гравюры Скарыны.

Catholic.by, 1 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/614/40571
Текущая дата: 15.11.2024