Белорусский портал в Казахстане

Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у прэзентацыі факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францішка Скарыны»



1 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя шматтомнага факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францішка Скарыны». У прэзентацыі прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Важнай падзеяй юбілейных мерапрыемстваў 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, якое адзначаецца сёлета, стала завяршэнне міжнароднага навуковага выдавецкага праекта па факісмільным перавыданні кніжнай спадчыны Францішка Скарыны. Яго ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Банк БелВЭБ.

У межах дадзенай прэзентацыі адбылася сустрэча з рэдакцыйнай калегіяй праекта і цырымонія перадачы ў дар факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францішка Скарыны» прадстаўнікам дыпламатычных місій і адукацыйных установаў Беларусі.

Прэзентацыя адкрыла шэраг вераснёўскіх мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею беларускага кнігадрукавання. Кульмінацыяй святкавання стануць міжнародны кангрэс «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» і адкрыццё міжнароднага выставачнага праекта «Францішак Скарына і яго эпоха», якія пройдуць у Нацыянальнай бібліятэцы 14–15 верасня.

Catholic.by, 1 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/614/40588
Текущая дата: 15.11.2024