Белорусский портал в Казахстане

Памятны знак "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці" адкрыюць 2 верасня



Аб гэтым паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.

Памятны знак "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці" адкрыюць у сталіцы Дня беларускага пісьменства 2 верасня.

Урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі стане адным з ключавых момантаў суботняй праграмы свята.

Памятны знак у Полацку ўжо ўстаноўлены на беразе Заходняй Дзвіны ля Сафійскага сабора. Як расказаў скульптар памятнага знака Уладзімір Піпін, кампазіцыя складаецца з дзвюх частак - бронзавай і гранітнай. Агульная вага даволі вялікая.

"Бронзавая частка важыць амаль 2 тоны, а вялізны валун - амаль 5 з палавінай тоны", - удакладніў скульптар. У бронзе адліты шчыты з партрэтамі выдатных гістарычных асоб, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Сярод іх князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая.

"Усяго тут выявы шасці чалавек, вядома, гэта далёка не поўны пералік. Спіс можна было б прадаўжаць, але астатнія персоны нібыта прыкрыты шчытамі. Зразумела, што іх шмат і яны маюцца на ўвазе ў гэтым наслаенні", - растлумачыў Уладзімір Піпін.

На адваротным баку - важныя гістарычныя даты і культурныя каштоўнасці, такія як Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, Крыж Еўфрасінні Полацкай і інш.

"Паводле задумы архітэктара Армена Сардарава, кампазіцыя ўстаноўлена на самым краі берага, у тым месцы, дзе з Дзвіной зліваецца Палата", - адзначыў скульптар.

Паводле яго слоў, кожны вобраз, адлюстраваны на памятным знаку, патрабаваў дэталёвага вывучэння.

"Работа прадаўжалася паўгода. Думаю, што атрымалася нядрэнна. Я ў асноўным задаволены", - прызнаўся Уладзімір Піпін.

Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства пройдуць у Полацку з 1 па 3 верасня.

30 жніўня 2017, Віцебск
Алёна Ціханава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/615/40551
Текущая дата: 15.11.2024