Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 30 жніўня павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з днём нараджэння



"Уладзімір Пуцін патэлефанаваў прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку і цёпла павіншаваў з днём нараджэння, пажадаўшы моцнага здароўя і далейшых поспехаў", — паведамляе прэс-служба Крамля.

Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 63 гады. Ён нарадзіўся ў 1954 годзе ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

У 2010 годзе ў афіцыйную біяграфію Лукашэнкі, апублікаваную на сайце прэзідэнта, была ўнесеная змена: дата нараджэння памянялася з 30 жніўня на 31-е. Гэтую акалічнасць у прэзідэнцкай адміністрацыі патлумачылі тым, што маці Аляксандра Лукашэнкі паступіла ў раддом 30 жніўня ўвечары, але нарадзіла яго ў ноч з 30 на 31 жніўня, пасля паўночы. У тыя гады ў сельскіх радзільнях дакладны час нараджэння дзіцяці не адзначаўся, і нованароджанага Лукашэнку запісалі на 30 жніўня, па даце паступлення яго маці ў радзільню.

"Прэзідэнт спакойна ставіцца да гэтай даты, і ён не надаваў ёй значэння да моманту нараджэння малодшага сына Мікалая, які з`явіўся на свет 31 жніўня. Ужо пасля нараджэння Мікалая прэзідэнт пачаў цікавіцца ў маці падрабязнасцямі свайго з`яўлення на свет і высветліў, што фактычна адзначаць дзень нараджэння трэба 31 жніўня", — растлумачыў тады супрацоўнік прэзідэнцкай адміністрацыі.

Зараз у афіцыйнай біяграфіі на сайце прэзідэнта днём яго нараджэння пазначаная дата 31 жніўня.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 30 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/615/40556
Текущая дата: 15.11.2024