ААТ "Авіякампанія "Белавія" 29 кастрычніка ўводзіць новы расклад выканання палётаў у рамках зімовага сезону, які будзе дзейнічаць па 24 сакавіка 2018 года.
Як паведамляе прэс-служба авіякампаніі, у зімовым сезоне будзе павялічана колькасць рэйсаў з Мінска ў Варшаву. Да пяці рэйсаў на тыдзень па панядзелках, серадах, чацвяргах, пятніцах і суботах будзе дададзены шосты — па нядзелях.
Таксама плануецца павелічэнне колькасці рэйсаў па маршруце Мінск — Амстэрдам — Мінск да шасці на тыдзень. Паляцець у Амстэрдам з Мінска і назад авіякампаніяй "Белавія" можна будзе па панядзелках, серадах, чацвяргах, пятніцах, суботах і нядзелях.
Акрамя таго, авіякампаніяй запланавана павелічэнне палётаў у аэрапорт маскоўскай вобласці Жукоўскі. Цяпер замест васьмі рэйсаў на тыдзень беларускі перавозчык будзе выконваць 11. На гэты момант з Мінска ў Жукоўскі палёты выконваюцца адзін раз на дзень, у пятніцу — два разы. Другі рэйс на дзень будзе дададзены па чацвяргах, суботах і нядзелях.
"Спецыялісты авіякампаніі пастаянна аналізуюць патрэбы нашых кліентаў. Арыенціровачна раз на паўгода мы ўносім карэкціроўкі ў план выканання палётаў у залежнасці ад сезону. Напрыклад, Ніца зімой не запатрабаваная, таму мы прынялі рашэнне спыніць палёты па гэтым маршруце да старту летняга раскладу 2018 года. Таксама мы бачым запатрабаванасць такіх кірункаў, як Варшава, Амстэрдам і Жукоўскі", — распавёў генеральны дырэктар "Белавія" Анатоль Гусараў.
З зімовага раскладу плануецца павелічэнне колькасці рэйсаў па маршруце Мінск — Стамбул — Мінск да пяці на тыдзень. Паляцець у Стамбул з Мінска і назад авіякампаніяй "Белавія" можна будзе па панядзелках, аўторках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях.
11 лістапада 2017 года будзе выкананы заключны ў гэтым годзе рэйс па маршруце Мінск — Ніца — Мінск. Яго плануецца аднавіць са старту летняга сезону 2018 года.
Таксама з моманту старту зімовага раскладу авіякампанія спыніць выконваць палёты па маршруце Мінск — Тэгеран — Мінск.
Як паведамлялася раней, 29 кастрычніка авіякампанія "Белавія" таксама пяройдзе з вагавой канцэпцыі афармлення багажу на сістэму колькасці месцаў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 28 кастрычніка 2017
Мінск, 28 кастрычніка 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/616/40948
Текущая дата: 27.12.2024