Белорусский портал в Казахстане

Абноўленая Ваенная дактрына можа служыць асновай для ўрэгулявання сітуацыі ў Еўропе і запуску мірнага дыялогу



Аб гэтым на брыфінгу заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

"З улікам усіх унесеных змяненняў і дапаўненняў распрацаваны праект Ваеннай дактрыны – гэта фактычна новы дакумент. У развіццё дзеючай рэдакцыі ў ім рэалізаваны шэраг новаўвядзенняў", - сказаў Віктар Хрэнін.

Кіраўнік ваеннага ведамства выказаў упэўненасць, што абноўленая Ваенная дактрына можа служыць асновай для ўрэгулявання сітуацыі ў Еўропе і запуску мірнага дыялогу.

"Перш за ўсё мы прадэманстравалі ў ёй зацікаўленасць Беларусі ў аднаўленні ўплыву міжнародных арганізацый па бяспецы, такіх як ААН, АБСЕ і іншых, эфектыўным іх функцыянаванні па прадухіленні і вырашэнні ўзброеных сутыкненняў", - падкрэсліў ён.

Віктар Хрэнін таксама адзначыў, што ў праекце дактрыны размова ідзе аб тым, што Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва ў ваеннай сферы з любымі дзяржавамі.

"У тым ліку з дзяржавамі НАТА мы гатовы аднавіць прагматычны дыялог пры ўмове спынення імі агрэсіўнай рыторыкі і дзеянняў у адносінах да нас", - сказаў ён.

У дактрыне важны акцэнт зроблены на недапушчэнні ваенных канфліктаў, звярнуў увагу міністр абароны. У пералік ваенных небяспек уключана магчымасць прымянення апанентамі ваеннай сілы супраць Беларусі ўжо ў мірны час, ва ўмовах ваенна-палітычнага крызісу.

"Гэта тое, з чым мы сутыкаемся цяпер на нашых паўднёвых і заходніх рубяжах. Вядома, самі па сабе правакацыі, узброеныя акцыі і інцыдэнты з боку нашых суседзяў не з’яўляюцца ваенным канфліктам. Але рэагаваць на іх неабходна. І ў першую чаргу – мерамі стратэгічнага стрымлівання. Што мы цяпер і робім, паказваючы высокую баявую гатоўнасць усіх кампанентаў ваеннай арганізацыі дзяржавы", - канстатаваў Віктар Хрэнін.

19 студзеня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/62/72179
Текущая дата: 18.11.2024