Белорусский портал в Казахстане

Вынесеныя прысуды чарговай групе былых ашмянскіх мытнікаў



5 верасня ў судзе Партызанскага раёна Мінска абвешчаныя прысуды чарговай групе ашмянскіх мытнікаў. На лаве падсудных былі 11 чалавек, якія абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Як паведаміла памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян, суд прызначыў абвінавачваным пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да адзінаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пэўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Шэсць абвінавачваных былі ўзятыя пад варту ў зале суда.

Працэсы па справе ашмянскіх мытнікаў праходзяць у Мінску ўжо на працягу двух гадоў. Дзве справы яшчэ слухаюцца ў раённых судах сталіцы.

Нагадаем, 3 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Дзяржаўны мытны камітэт, расказаў пра выкрытую карупцыйную схему ў дзейнасці Ашмянскай мытні: "Зусім нядаўна выявіўся абуральны выпадак. Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста "Каменны Лог". Крымінальная схема дзейнічала працяглы тэрмін. Фігурантамі з`яўляюцца каля 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі долараў".

"Чаму пры наяўнасці вопытнага цэнтральнага апарату, сістэмы падбору, падрыхтоўкі, расстаноўкі кадраў, усіх службаў унутрыведамаснага кантролю, уласнай бяспекі ў вас пад бокам сфарміравалася такая банда? Я запатрабаваў прынцыпова разабрацца ў межах крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага датычны", — заявіў Лукашэнка. Ён запатрабаваў, каб нанесены краіне ўрон быў кампенсаваны ў трохразовым — пяціразовым памеры.

5 красавіка КДБ заявіў аб распачынанні спраў у дачыненні да дзейных і былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні. "Удзельнікі злачыннай групы за хабары, парушаючы мытнае заканадаўства, ажыццяўлялі бесперашкодны пропуск буйных партый розных тавараў праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску "Каменны Лог". Сумы незаконнай грашовай узнагароды складалі ад 250 да 3.000 долараў ЗША ў залежнасці ад колькасці перамяшчаных грузаў", — гаварылася ў інфармацыі КДБ.

Паведамлялася, што адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячную ўзнагароду ў 1.000 долараў прыкрываў злачынную дзейнасць затрыманых, перадаючы ім звесткі аб праверачных мерапрыемствах, якія плануюцца Дзяржаўным мытным камітэтам.

Тады былі затрыманыя і заключаныя пад варту 19 чалавек. У дачыненні да іх КДБ распачаў пяць спраў па прыкметах складу злачынстваў, прадугледжаных ч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару) Крымінальнага кодэкса. Па месцы жыхарства фігурантаў былі канфіскаваныя наяўныя грашовыя сродкі больш чым на 2,2 млн долараў. На аб`екты нерухомасці і транспартныя сродкі асоб, якія праходзяць па крымінальных справах, накладзены арышт.

Паводле інфармацыі на сярэдзіну верасня 2015 года ўжо было затрымана каля 40 работнікаў ашмянскай мытні. У выніку фігурантамі крымінальнай справы сталі 58 чалавек.

29 снежня 2015 года былы начальнік мытні быў прыгавораны Мінскім абласным судом да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці, пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў, пазбаўленнем спецыяльнага звання дзяржаўнага саветніка мытнай службы 3-га рангу, з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

1 сакавіка 2016 года Вярхоўны суд скараціў тэрмін зняволення да шасці гадоў.

На працэсе ў Мінскім абласным судзе прагучала інфармацыя, што з 2010 года па сакавік 2015 года мытнікі атрымалі ў якасці хабару не менш як 850 тыс. долараў і 19,2 тыс. еўра.

Ашмянская мытня 1 кастрычніка спыніць сваё існаванне, а зона яе адказнасці пяройдзе пад юрысдыкцыю Гродзенскай рэгіянальнай мытні.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 5 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/621/40653
Текущая дата: 26.12.2024