Архіепіскапу Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, грамадзяніну Украіны Святаславу Логіну, якога раней не пусцілі памежнікі, усё ж дазволілі ўехаць у нашую краіну.
Святаславу Логіну патэлефанавалі з беларускага МЗС і паведамілі, што яго пусцяць у нашую краіну.
Пра тое, што Святаслава Логіна не пусцілі ў Беларусь, на VII Зʼезде беларусаў свету, які цяпер праходзіць у Менску, распавялі міністру замежных справаў Уладзіміру Макею. Апошні паабяцаў разабрацца ў сітуацыі, пасля чаго з міністэрства патэлефанавалі Святаславу Логіну.
Развярнулі на мяжы
14 ліпеня каля 18-й на ўездзе ў Беларусь у памежным пункце пропуску «Новая Гута» у Гомельскай вобласці затрымалі сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» архіепіскапа Святаслава Логіна з Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, які ехаў на 7-ы з’езд гэтае арганізацыі.
Святару заявілі пра забарону ўезду ў Рэспубліку Беларусь, пастаўлена адпаведны штамп у пашпарт і яго завярнулі назад ва Украіну ў памежны пункт «Новыя Ярылавічы».
Беларускія памежнікі паводзіліся карэктна, але прычыны забароны ўезду ў Беларусь беларускаму святару, як і тэрміну забароны назваць не змаглі, бо з іхных словаў, яны гэтага ня ведаюць.
На штампе ніякай інфармацыі пра тэрмін дзеяння забароны няма.
Да гэтага Святаслаў Логін спрабаваў уехаць у Беларусь два гады таму – і яго таксама не ўпусцілі.
belsat, 15 ліпеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/624/40014
Текущая дата: 15.11.2024