Дырыжор сімфанічнага аркестра "Алімпія Класіка" Міхаіл Снітко распавёў аб новым музычным праекце свайго калектыву і пра тое, чаму ўсё больш папулярнымі ў розных краінах становяцца аркестры фестывальнага тыпу.
У саставе сімфанічнага аркестра "Алімпія Класіка" граюць музыкі з розных аўтарытэтных калектываў — Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, аркестра Вялікага тэатра, Дзяржаўнага камернага аркестра і іншых.
Дырыжор называе такі склад аркестрам фестывальнага тыпу і кажа, што такіх складаў у свеце нямала. Менавіта яны зараз карыстаюцца большай папулярнасцю ў публікі, чым аркестры класічных саставаў.
Дырыжор называе такі склад аркестрам фестывальнага тыпу і кажа, што такіх складаў у свеце нямала. Менавіта яны зараз карыстаюцца большай папулярнасцю ў публікі, чым аркестры класічных саставаў.
"Музыкант павінен граць разнастайны рэпертуар. Калі артыст высокага класа грае ў камерным аркестры, гэта звужае магчымасці. Мы ж спрабуем жанравы дыяпазон зрабіць больш шырокім, ад музыкі барока і да сучаснага красовер-напрамка, якое злучае поп-рок, рок ці саўндтрэкі з сімфанічным аркестрам. Увогуле, атрымліваюцца хіты ўсіх часоў і народаў, якія нам цікава граць", — кажа дырыжор.
У сераду, 5 ліпеня, у Чырвоным касцёле ў Мінску аркестр "Алімпія Класіка" прадставіць публіцы арыгінальную праграму, асновай якой стане знакаміты цыкл Антоніа Вівальдзі "Поры года". Таксама ў канцэрце прагучаць знакамітыя мелодыі свету — паланез Агінскага, музычная тэма Ніно Рота з кінафільма "Хросны бацька" і іншыя саўндтрэкі "старога Галівуда".
"У "Парах года" будзе саліраваць яркі талент, скрыпач Павел Бацян, якога вельмі высока ацаніў Уладзімір Співакоў. Пад яго кіраўніцтвам музыкант адкрываў праект "Маладыя зоркі ў Крамлі". У цэлым, увесь склад камерны, струнны, які ў антуражы Чырвонага касцёла абсалютна дарэчны", — распавядае Снітко.
Па словах суразмоўцы, у складзе аркестра шмат таленавітых маладых музыкантаў — лаўрэатаў спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, з аркестрам рэгулярна супрацоўнічаюць вядомыя беларусы, якія шмат выступаюць за мяжой і граюць у аркестрах сусветнага класа, але часам проста хочуць выступіць на радзіме.
"Напрыклад, у Штутгарце грае віяланчэліст Міхаіл Самсонаў, ён цяпер адзін з лепшых у свеце, і мы ў хуткім часе, спадзяюся, зробім з ім некалькі канцэртаў у Беларусі", — кажа Снітко.
У наступным сезоне аркестр "Алімпія Класіка" рыхтуе для слухачоў адразу некалькі праектаў, адзін з якіх дырыжор лічыць знамянальным і для музыкаў, і для сябе асабіста.
"Уладзімір Георгіевіч Мулявін, мы выступалі калісьці разам, неяк прапанаваў зрабіць сумесную праграму з сімфанічным аркестрам. У "Песняроў" не было такога вопыту супрацоўніцтва, і ён, відавочна, ішоў да гэтага, разважаў над новымі формамі развіцця жанру. Але здарылася трагедыя, і яго паплечнік і сябар Уладзімір Ткачэнка не так даўно напісаў версію музыкі "Песняроў" для сімфанічнага аркестра і прапанаваў зрабіць прэм`еру", — распавядае Снітко.
Сачыненне ў трох частках доўжыцца каля 40 хвілін і ўключае практычна ўсе знакамітыя тэмы "Песняроў". Як распавёў суразмоўца, твор мае суцэльную структуру, развіццё, унутраную драматургію і трагічную кульмінацыю, якая асацыюецца з жыццём легендарнага Песняра. У планах аркестра — прадставіць новы твор публіцы 12 студзеня, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, у Мінскай філармоніі. А ў другім аддзяленні канцэрта будуць гучаць знакамітыя мелодыі Ігара Лучанка, які ў будучым годзе адзначыць сваё 80-годдзе.
Мінск, 5 ліпеня 2017
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/626/39893
Текущая дата: 16.11.2024