Белорусский портал в Казахстане

Камітэт дзяржкантролю выкрыў групу грамадзян у незаконным гандлі бытавой тэхнікай праз інтэрнэт-крамы



Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці і Мінску затрымала групу грамадзян, якія займаліся незаконным увозам у Беларусь і рэалізацыяй бытавой тэхнікі.

Як паведаміла прэс-служба КДК, 45-гадовы жыхар Мінска ў 2013 годзе, не будучы зарэгістраваным у якасці індывідуальнага прадпрымальніка, арганізаваў незаконны гандаль бытавой тэхнікай праз інтэрнэт-крамы. З гэтай мэтай ён наладзіў камерцыйныя адносіны з фізічнымі асобамі, якія жывуць блізу беларуска-польскай мяжы, — яны ўвозілі бытавую тэхніку, што карыстаецца попытам.

Каб атрымаць магчымасць гандлю праз інтэрнэт-крамы, мужчына зарэгістраваў у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў сына і жонку і ад іх імя ажыццяўляў гандаль. Пры гэтым кур`ерамі працавалі грамадзяне, якія афіцыйна нідзе не былі ўладкаваныя на працу.

Даказана больш за 100 фактаў рэалізацыі тавараў больш як на 80 тыс. рублёў толькі за 2017 год.

На складах нелегальнага прадпрымальніка (у арандаваных ім гаражах) знойдзеная і канфіскаваная дарагая бытавая тэхніка без дакументаў, якія пацвярджаюць яе набыццё, захоўванне і транспартаванне.

Зараз праводзяцца дадатковыя праверкі, устанаўліваюцца іншыя факты незаконнай рэалізацыі бытавой тэхнікі, разглядаецца пытанне аб распачынанні справы на падставе ч. 2 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 мая 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/633/39538
Текущая дата: 15.11.2024