Белорусский портал в Казахстане

Стваральнікі камедыі "Party-Zan Фільм" абвясцілі конкурс на лепшы саўндтрэк да кінастужкі



Аб гэтым паведамілі ў PR-прадстаўніцтве кінапраекта.

Беларускія музыкі і выканаўцы да канца верасня могуць узяць удзел у конкурсе на лепшы саўндтрэк да поўнаметражнай камедыі "Party-Zan Фільм", якую стварае творчая кінасупольнасць "Без Буслоў Артс".

Сцэнарыстам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам карціны выступае беларускі драматург Андрэй Курэйчык, рэжысёрам — Сяргей Дзмітрэнка, аператарам — Мікіта Пінігін, мастаком-пастаноўшчыкам — Наталля Навоенка, гукарэжысёрам — Яўген Рагозін, супрадзюсарамі — кіраўнік кампаніі First Rental Сяргей Якубоўскі і кампазітар Дзмітрый Фрыга. Генеральным партнёрам кінапраекта выступіў "БСБ Банк".

Здымкі фільма ўжо завершаныя, і цяпер кінематаграфістам трэба будзе змантаваць і агучыць яго.

Фільм распавядае пра двух маладых людзей — няўдачлівага бізнесмена і праграміста, якім раптам выпадае магчымасць зарабіць шмат грошай. Яны бяруцца зняць некалькі ваенных сцэн для маскоўскай кінагрупы, прадставіўшыся беларускімі кінапрадзюсарамі, але ўсё выходзіць інакш. Герояў чакае канфлікт з бандытамі, турма за махлярства і многае іншае.

Здымкі фільма вяліся крыху больш за два тыдні жніўня ў Мінску і Брэсце. Галоўныя ролі выканалі маладыя акцёры беларускага тэатра і кіно: Аліса Аўчыннік, Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін, у фільме таксама зняліся такія вядомыя артысты, як Эвеліна Сакура, Аляксандр Гусеў, Аляксандр Яфрэмаў-малодшы, Іван Шчатко, Сяргей Шырочын і многія іншыя. Гледачы таксама ўбачаць лідара гурту "Нейра Дзюбель" Аляксандра Кулінковіча, чыё з`яўленне ў кінастужках Андрэя Курэйчыка робіцца традыцыяй.

Перыяд постпрадакшн працягнецца да 1 кастрычніка. Першы трэйлер фільма, як чакаецца, выйдзе 15 лістапада, перадпаказы пройдуць 13 снежня ў Мінску і 15 снежня ў Брэсце. 20 снежня аўтары фільма маюць намер правесці закрытую прэм`еру і тэматычную вечарыну з удзелам спонсараў, якія прафінансуюць фільм, а шырокі паказ "Party-Zan Фільма" плануецца пачаць 29 снежня ў сетцы кінатэатраў Silver Screen.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 9 верасня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/637/36917
Текущая дата: 02.06.2024