Белорусский портал в Казахстане

У Рэчыцкім раёне прайшло свята паэзіі памяці Анатоля Сыса



Мерапрыемства адбылося па ініцыятыве Саюзу беларускіх пісьменнікаў і родных паэта.

20 мая ў вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён) у дванаццаты раз прайшло свята паэзіі памяці Анатоля Сыса.  У Гарошкаў прыехалі літаратары і аматары паэзіі, сябры і родныя Сыса з Мінску, Гомелю, Рэчыцы і Светлагорску.

Традыцыйныя паэтычныя чытанні праводзяцца ў двары дома, дзе нарадзіўся і рос літаратар, з 2006 года. Анатоль Сыс пайшоў з жыцця 4 мая 2005 года.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч заўважыў, што прыемна бачыць кожны раз на свяце паэзіі новых людзей, гэта значыць, што свята паэзіі жыве, як і памяць пра геніяльнага паэта. Ён пазнаёміўся з Сысам ужо ў дарослым узросце, пасля сканчэння ўніверсітэту, на вечарыне ў Гомелі, дзе сабраліся прыхільнікі беларушчыны. Анатоль Сыс стаў ля вытокаў заснавання "Талакі", якая і па сёння дзейнічае ў Гомелі і гуртуе маладых людзей, неабыякавых да культуры, мовы, гісторыі роднага краю.

Старшыня СБП падкрэсліў, што ўсе вершы Сыса былі лепшымі, выбранымі, і слабых вершаў у паэта не было. "Здаецца, многія яшчэ не могуць зразумець, што такіх сыноў, як Сыс, зямля рэчыцкая яшчэ, можа, не мела, і трэба захоўваць памяць пра яго, каб як мага больш людзей магло далучыцца да яго творчасці. Гэты час, гэты лад не назаўжды, як пісаў паэт, і таму прыйдуць лепшыя часы, і гэта свята будзе адзначацца на высокім дзяржаўным узроўні", - адзначыў Пятровіч.

СБП мае намер з цягам часу выдаць кнігу ўспамінаў пра Анатоля Сыса, і змяніць фармат правядзення свята паэзіі ў Гарошкаве. На думку Пятровіча, на мерапрыемстве павінна гучаць больш вершаў, а ў хаце паэта з цягам часу патрэбна адчыніць музей. "Арганізацыя і рэгістрацыя музея – складаная справа, і тут без дапамогі дзяржавы не абысціся. Сёння дзяржава не ахвотна робіць крокі насустрач грамадскім ініцыятывам, але не трэба спыняцца, і рабіць усё магчымае, каб музей тут быў", - лічыць пісьменнік.

Першы раз на радзіме Сыса і на свяце быў паэт Алесь Ліпай. Ён узгадаў, як сустракаўся з Анатолем незадоўга да яго гібелі, і як шмат размаўлялі, у тым ліку і пра смерць, чыталі вершы. Ліпай прачытаў верш, які чытаў 12 гадоў таму пры апошняй сустрэчы з Сысам.

"У Анатоля былі свае адносіны з Богам, праз такіх таленавітых людзей, такога таленавітага паэта, як ён, на зямлю прыходзіць Бог", - лічыць паэт. Ён прачытаў свае вершы, прысвечаныя смерці, жыццю, Богу і Беларусі.

Успамінамі пра адзіную сустрэчу з жывым яшчэ тады паэтам падзяліўся літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. Сыс для пакалення сёння 30-гадовых быў легендай, і маладыя паэты лічылі за гонар сустрэцца з ім, але той напрыканцы жыцця не так часта бываў у Мінску. "Ён памёр, і пахаванне якраз супала з 9 маем, калі ў Мінску быў моцны дождж, залева, па горадзе хадзілі адзінокія ветэраны, з калонак гучала "Этот день победы порохом пропах", а мы аплаквалі нашу паразу, смерць Сыса. Гэта вельмі важны паэт для усей беларускай літаратуры, ён будзе чытацца, і яго энергія, укладзеная ў вершы, нікуды не падзелася, яна штораз выпраменьваецца калі чытаеш яго кнігі", - выказаўся крытык.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры ГДУ ім. Ф.Скарыны Іван Штэйнер раіў арганізатарам свята шукаць новыя формы, прыцягваць больш людзей. "Анатоль крочыў ад рэальнага жыцця ў свет легендаў і міфаў, нам патрэбна збіраць гэтыя міфы і, магчыма, ствараць новыя, каб узняць постаць Сыса да высокага ўзроўню. Варта шукаць новыя формы, выбіцца са звычайнай каляіны, і па-новаму зрабіць свята", - лічыць прафесар.

Яго калега Анжэла Мельнікава нагадала словы філосафа Валянціна Акудовіча пра тое, што Сыс быў і ёсць самым пасіянарным і энергаёмістым беларускім паэтам, і па энергіі паэтычнага радку яму саступяць і Купала, і Багдановіч. Выкладчыца падзялілася, што Сыс сярод студэнтаў філфаку – любімы паэт і зараз.

На свяце, апроч вершаў і ўспамінаў, прагучалі песні ў выкананні Алеся Камоцкага і Зміцера Захарэвіча.

Алена Германовіч, БелаПАН
Гомель, 20 мая 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/642/39453
Текущая дата: 27.12.2024