Аб гэтым паведамляе прэс-служба галоўнага банка краіны.
Пастановай праўлення Нацыянальнага банка зацверджаны Пералік памятных манет, якія з`яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, што плануюцца да выпуску ў абарачэнне ў 2017 годзе. У адпаведнасці з дакументам у наступным годзе плануецца выпусціць 11 найменняў памятных манет.
Стала ўжо традыцыяй выпускаць памятныя манеты, прысвечаныя Птушцы года, якую вызначае грамадскае аб`яднанне "Ахова птушак Бацькаўшчыны". У 2017 годзе такой птушкай абраны чубаты жаваранак. Манета "Жаўрук-смяцюх" стане 10-й у межах серыі "Птушка года".
Згодна з кітайскім календаром, 2018 год — год Сабакі. У працяг серыі "Кітайскі каляндар" у канцы 2017 года будзе выпушчана памятная манета "Год Сабакі".
У 2017 годзе будзе завершана серыя з 6 памятных манет "Шлях Скарыны", якая прымеркавана да 500-годдзя выхаду Бібліі Францыска Скарыны. Да выпуску запланаваныя дзве манеты — "Шлях Скарыны. Вільня" і "Шлях Скарыны. Прага". Раней Нацыянальны банк выпусціў манеты "Шлях Скарыны. Полацк" (2015) і "Шлях Скарыны. Кракаў", "Шлях Скарыны. Падуя", "Шлях Скарыны. Венецыя" (2016 год).
У наступным годзе таксама завершыцца выпуск серыі манет "Адроджаныя расліны" ў рамках праекта ПРААН па захаванні і адраджэнні зніклых раслін. Будзе выпушчаная манета "Дуброўка скальная".
Вялікай папулярнасцю карыстаецца серыя памятных манет "Помнікі архітэктуры Беларусі". У рамках дадзенай серыі чакаецца выпуск манеты "Троiцкi касцёл са званiцай. Чарнаўчыцы". Траецкі касцёл — унікальны помнік беларускай архітэктуры позняй готыкі і рэнесансу, з выразнымі рысамі абарончага дойлідства сярэднявечча.
У 2017 годзе будзе працягнута серыя памятных манет "Свет вачыма дзяцей", якая пачалася ў 2016 годзе. Дызайн манет заснаваны на дзіцячых малюнках, прызнаных пераможцамі адкрытага конкурсу "Дзеці малююць манеты", праведзенага Нацыянальным банкам. У дызайне манет "Свет вачыма дзяцей. 2017" плануецца выкарыстоўваць малюнкі дзяцей ад 7 да 9 гадоў.
У 2017 годзе выпускам памятных манет "Легенда пра пчалу" будзе завершана серыя памятных манет "Беларускія народныя легенды". У рамках гэтай серыі ўжо выпушчаныя ў абарачэнне памятныя манеты "Легенда пра бусла", "Легенда пра зязюлю", "Легенда пра жаваранка", "Легенда пра чарапаху", "Легенда пра мядзведзя" і "Легенда пра гіля". У славян пчала заўсёды лічылася божай казюлькай, ад якой карысць і людзям (мёд) і Богу (Жоўты воск — Богу на свечкі).
Манеты спартыўнай тэматыкі традыцыйна папулярныя ў Беларусі і за мяжой. З 22 лютага па 5 сакавіка 2017 года ў фінскім Лахці пройдзе 51-ы чэмпіянат свету па лыжных відах спорту (FIS Nordic World Ski Championships 2017). Да гэтай падзеі Нацбанк выпусціць памятныя манеты "Чэмпіянат свету па лыжных відах спорту 2017 года. Лахці".
У наступным годзе будзе святкавацца 950-годдзе заснавання Мінска. У гонар гэтай падзеі ў пералік на 2017 год уключаныя памятныя манеты "Мiнск. 950 гадоў".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 24 снежня 2016
Мінск, 24 снежня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/652/38152
Текущая дата: 15.11.2024