Белорусский портал в Казахстане

Мода на віншавальныя карткі вяртаецца



У Магілёве сябры па інтарэсах зноў паспаборнічалі паміж сабой на лепшую ідэю года і павіншавалі адзін аднаго эксклюзіўным падарункам — фота з паметкай PF.

У магілёўскага народнага фотаклуба «Вясёлка» ёсць добрая традыцыя. Напярэдадні Новага года яго ўдзельнікі і прыхільнікі праводзяць фотаконкурс навагодніх паштовак пад знакам PF. Гэта дзве загалоўныя літары ад французскага словазлучэння «Pour Feliciter» — «Каб Павіншаваць». Сёлетні год не стаў выключэннем. 

Парадуйце сяброў «пээфкай»

Фотамайстар Ірына Савосіна ўдзельнічае ў фотаконкурсе навагодніх PF-паштовак з 2018 года. Дагэтуль проста абменьвалася з калегамі «пээфкамі». На яе погляд, конкурс цікавы тым, што захоўвае строгія правілы стварэння арыгінальнага фотатвора. Тут банальныя снегавікі і ёлкі не вітаюцца, галоўнае — ідэя, тое, што дакладна перадасць, якая падзея года стала для аўтара самай значнай. Сюжэт не абавязкова павінен быць зімовым, у кадры можа прысутнічаць любая пара года. Вышэйшы пілатаж, гэта калі нават праз гады можна будзе пазнаць почырк таго, хто зрабіў «пээфку».

Не трэба быць прафесійным фотаспецыялістам, каб уразіць незвычайным падарункам сяброў. Дастаткова ведаць, што для стварэння PF-фота, акрамя ідэі, важна прытрымлівацца яшчэ некалькіх патрабаванняў. Гэта адзіны памер — 9 на 15 сантыметраў, каб падарунак змясціўся ў стандартным канверце, а таксама прысутнасць на картачцы тых самых загадкавых літарак PF і лічбаў надыходзячага каляндарнага года. Аўтарскі подпіс пажаданы, але гэта ўжо не прынцыпова. 

—Традыцыя навагодняй віншавальнай фотапаштоўкі ўласнага вырабу прыйшла да нас у пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, хутчэй за ўсё з Чэхаславакіі, — расказвае Ірына Савосіна. — Менавіта на старонках чэхаславацкіх фатаграфічных часопісаў сталі з’яўляцца тэматычныя артыкулы аб PF-ках і выдатныя падборкі саміх «пээфак». Поўныя гумару і аптымізму, сапраўднага фатаграфічнага шарму, гэтыя маленькія карцінкі хутка заваявалі сэрцы прыхільнікаў фатаграфіі. Неўзабаве «пээфкамі» ўжо абменьваліся фотаклубы, іх дарылі адзін аднаму фатографы, проста дасылалі поштай сябрам і блізкім. У нашых фотаклубах гэта стала папулярна дзесьці ў сярэдзіне 80-х. Сёння PF — гэта своеасаблівы аўтапартрэт, «паказальны выступ», маленькая творчая справаздача перад сабою і калегамі. Часам сур’ёзныя або жартаўлівыя, часта філасофскія ці авангардысцкія, гэтыя карцінкі заўсёды самабытныя, гэтак жа, як і іх аўтары.

У сілу сваёй элітарнасці і дробнасерыйнасці фатаграфічная мініяцюра стала прадметам абмену і калекцыянавання. Папоўніць сваю калекцыю можна толькі двума спосабамі — абмяняўшы пад Новы год сваю «пээфку» на чыюсьці іншую або атрымаць сюрпрыз ад сябра па пошце.

У клубе «Вясёлка» існуе цэлы архіў «пээфак». Сёлета ён папоўніўся новымі работамі.

— Да нас прыйшло шмат цікавых магілёўскіх аўтараў, — удакладняе Ірына Савосіна. — Гэта знак таго, што інтарэс менавіта да змястоўных фота павялічваецца. Дарэчы, у нашым конкурсе сёлета ўдзельнічала магілёўская лістаноша Святлана Марковіч. Яе сюжэты дакладна маглі б ўпрыгожыць тыя самыя паштоўкі, якія людзі перасылаюць адзін аднаму пад Новы год.

Усяго ў сёлетнім конкурсе ўдзельнічала 33 фатографы з Магілёва, Мінска, Гродна, Асіповічаў, Масквы, а таксама далёкіх краін — Аўстраліі (Тасманія) і Ізраіля. Першае месца атрымаў прадстаўнік Асіповіцкага народнага фотаклуба «Раніца» Мікалай Кухарэнка, дзве работы якога літаральна ўсіх скарылі. Астатнія прызы забраў народны фотаклуб «Вясёлка». На другім месцы са сваёй творчай знаходкай фотамайстар Валерый Маскалёў, трэцяе падзялілі Георгій Дондзік і Мікалай Бодак. Віншуем пераможцаў!

Музейныя калекцыі

Не меншую гістарычную каштоўнасць маюць звычайныя паштоўкі. У калекцыі абласнога краязнаўчага музея імя Е.Раманава іх болей чым 6 тысяч на любы густ. Некаторыя з іх прадстаўлены на навагодняй выставе побач з ёлачнымі цацкамі ў магілёўскім этнаграфічным музеі. Для большага ўплыву на гледача, іх аблічбавалі і павялічылі. Яны тут выглядаюць як сапраўдныя карціны.

— Каштоўнасць паштоўкі з гадамі ўзрастае, — усміхаецца галоўная захавальніца фондаў Вольга Малашэнка. —Асабліва цэннымі для нас з’яўляюцца калядныя паштоўкі канца XIX стагоддзя. Традыцыя дарыць іх блізкім людзям прыйшла да нас з Еўропы. На той час гэта быў вельмі добры, самадастатковы падарунак. Паштоўка на той час каштавала дорага. І выкананне яе было вельмі цікавым. Пры яе вырабе прымяняўся тэкстыль, кардон, яны рабіліся ў тэхніцы дэкупаж, з цісненнем. У савецкі час разнавіднасцяў паштовак было шмат, у тым ліку і вельмі добрай якасці. І сюжэты спачатку былі цікавыя, але ў 80-я гады яны сталі больш спрошчанымі і схематычнымі. Але ў цэлым традыцыя высылаць паштоўку на Новы год і не толькі існавала да канца 90-х гадоў. Віншавалі блізкіх, родных, сяброў. Часам гэта быў нават не элемент падарунка, а асноўны падарунак. Сёння таксама шмат цікавых паштовак. І традыцыя віншаваць не толькі электроннымі іх аналагамі, але і папяровымі паціху адраджаецца. І мы папаўняем свае фонды, у тым ліку і тымі паштоўкамі, якія дасылаюць нам у музей.

Попыт залежыць ад сюжэту

Пра тое, што цікавасць да навагодняй віншавальнай картачкі расце, сведчыць і той факт, што новая калекцыя гэтага тавару разышлася ў паштавікоў сёлета яшчэ да снежня.

— Пошта выпусціла цэлую серыю навагодніх паштовых картак і марак і яны мелі вялікі попыт, — расказвае намесніца дырэктара Магілёўскага філіяла прадпрыемства «Белпошта» Галіна Марчанка. — У іх нельга было не ўлюбіцца — забаўныя Дзяды Маразы, мядзведзікі, снегавікі, Снягуркі — вельмі прыгожыя карцінкі. Пакупнікі расхапалі іх як гарачыя піражкі. Упершыню за апошнія пяць гадоў нам прыйшлося надрукаваць яшчэ адну партыю. Так што можна лічыць, мода на паштоўку вяртаецца. Але сёння ўсё залежыць не столькі ад папулярнасці гэтага віду перасылкі, колькі ад сюжэту самой паштоўкі. Некаторыя аматары купляюць іх для калекцыі. У гэтай серыі як раз ёсць карт-максімумы, якія з’яўляюцца прадметам цікавасці для калекцыянераў.

Паштоўка з новай калекцыі каштуе ўсяго 50 капеек, разам з маркай і перасылкай гэта будзе каштаваць крыху болей рубля. Але паштавікі робяць сваім кліентам сюрпрызы і прапануюць акцыі. Напярэдадні Новага года паштовае аддзяленне № 30 у Магілёве правяло аж некалькі пад назваю «Навагодняя паштоўка». Тыя карткі, якія кліенты куплялі падчас акцыі, перасылаліся наогул бясплатна.

На жаль, аб’ёмы сёння не тыя, што былі ў савецкія гады. Але ёсць адрасы, па якіх паштальёны носяць прыгожыя віншаванкі, пастаянна. І лістаноша магілёўскага паштовага аддзялення № 30 Юлія Курачова гэта пацвярджае.

— Перад святамі попыт на паштовыя картачкі значна ўзрастае, — удакладняе суразмоўніца. — Калі йду разносіць пошту па дамах, бяру з сабой і паштоўкі на продаж. Яны хутка разыходзяцца. А колькі радасці ў чалавека, калі ўручаеш яму вось такі падарунак ад блізкага чалавека. Адна жанчына, у якой сын працуе ў Маскве, увесь час перапытвала, ці прыслаў ён ёй паштоўку. Прасіла асабіста ўручыць, каб не згубілася. Я так і зрабіла. Тая жанчына ледзь не плакала. Эмоцыі, калі бачыш радкі, напісаныя рукой, а не з дапамогай камп’ютара, вельмі хвалююць. Фізічна адчуваеш прысутнасць таго чалавека. Вельмі часта дарослыя дзеці прысылаюць віншавальныя картачкі сваім бацькам з іншых гарадоў. І мне заўсёды вельмі прыемна ўручаць іх адрасатам. Радасць гэтых людзей перадаецца і іншым. А яшчэ я заўважыла, што попыт на паштоўку павялічваецца не толькі у насельніцтва. Напрыклад, адна ўстанова закупіла ў мяне напярэдадні Новага года адразу 40 штук. Я і сама лічу, што гэта цудоўны падарунак.

Нэлі Зігуля
Звязда, 2 студзеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/66/71984
Текущая дата: 18.11.2024