Белорусский портал в Казахстане

Генеральная пракуратура ініцыявала пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці работнікаў Міністэрства культуры, якія дапусцілі шмат рэкламы на будынках, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць



Пра гэта заявіў 8 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў.

Такое рашэнне было прынята па выніках праверкі, праведзенай у квартале вуліц Інтэрнацыянальная, Камсамольская і Рэвалюцыйная недалёка ад будынка пракуратуры, у падчас якой выяўлена шмат парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Устаноўлена, што абсалютная большасць рэкламы на фасадах будынкаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць, знаходзіцца там незаконна. Складзена 19 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да распаўсюджвальнікаў рэкламы. Шэсць з іх зараз разглядаюць у судах.

Як зазначыў Радзівонаў, падчас праверкі была выяўлена яшчэ адна праблема. Нават у тых нешматлікіх выпадках, калі ўзгадненне на размяшчэнне рэкламы існавала, само яе размяшчэнне не адпавядала патрабаванням заканадаўства.

У якасці прыкладу Радзівонаў прывёў два будынкі на вуліцы Камсамольская. Абодва яны ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць. У першым выпадку рэкламай занята практычна 40% фасада, у другім — на фасадзе знаходзяцца сем відаў рознакаляровай рэкламы.

"Эстэтычнае ўспрыманне гісторыка-культурнай каштоўнасці ад гэтага цярпіць", — канстатаваў прадстаўнік Генпракуратуры.

БелаПАН
8 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/665/9093
Текущая дата: 03.05.2024