У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў круглы стол «Гістарычны шлях Савецкай Беларусі», прысвечаны 105-годдзю абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якое адзначаецца 1 студзеня.
Разам з навукоўцамі ў ім прынялі ўдзел палітычныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі музеяў, бібліятэк, ВНУ і школ, грамадскіх арганізацый. Такі прадстаўнічы склад удзельнікаў сведчыць пра важнасць гэтай тэмы ў сучасным грамадстве. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі адзначыў, што з абвяшчэннем Савецкай Беларусі наш народ атрымаў шанц на суверэнны шлях.
На жаль, многія дасягненні савецкай эпохі забываюцца, а часам і трактуюцца ў негатыўным святле. Сёння варта больш гаварыць пра тое, якая спадчына была створана папярэднімі пакаленнямі. Уласна, дзякуючы стварэнню БССР наша краіна ўпершыню з’явілася на карце свету як палітычны суб’ект. А ў 1939 годзе менавіта савецкая ўлада дапамагла аб’яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі. З першых гадоў маладая рэспубліка стала на шлях індустрыялізацыі, пачалі развівацца сацыяльныя праграмы, адукацыя, медыцына, культура, архітэктура. Як адзначылі многія ўдзельнікі круглага стала, менавіта ў савецкі час быў закладзены сацыяльна-палітычны, эканамічны, духоўны і культурны фундамент, на якім сёння стаіць наша краіна.
Як заўважыў старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, менавіта 1919 год стаў кропкай адліку для практычнага фарміравання нацыянальнай дзяржаўнасці. За кароткі час Савецкая Беларусь ператварылася ў вядучую індустрыяльную рэспубліку з развітай сельскай гаспадаркай і адметнай нацыянальнай культурай. За гады савецкай улады былі створаны ўмовы для развіцця энергетыкі, сучаснага машына- і прыборабудавання, электронікі, радыётэхнікі, нафтахіміі. Трактары і БелАЗы, сістэмы для касмічных станцый, тэлевізары, халадзільнікі, станкі, мінеральныя ўгнаенні і сінтэтычныя валокны — гэту беларускую прадукцыю ведалі і ведаюць больш чым у сотні краін свету. Нацыянальныя творчыя калектывы беларускія літаратура і мастацтва вядомыя на розных кантынентах.
За кароткі час адбыўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, была створана адна з найлепшых у свеце сістэм дашкольнай і пазашкольнай адукацыі. Актыўна развіваліся навуковыя цэнтры. У 1923 годзе створаны Інстытут беларускай культуры, які пачынаў работу з 15 навуковых супрацоўнікаў. Створаная на яго базе беларуская акадэмія навук мела 128 вучоных. Сёння НАН Беларусі — гэта буйная навукова-вытворчая карпарацыя, якая аб’ядноўвае больш за сто арганізацый, у якіх працуе 14 тысяч чалавек. Вучоныя Беларусі разам з замежнымі калегамі выконваюць вялікую колькасць даследванняў у розных кірунках, у тым ліку ў вывучэнні космасу, развіцці вылічальных і інфармацыйных тэхналогій, нана- і біятэхналогій. Дзякуючы іх даследаванням вырашана праблема біялагічнай, харчовай і гуманітарнай бяспекі нашай краіны. Вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню гісторыі з самых старажытных часоў. Так, навукоўцы даказалі, што людзі на тэрыторыі Беларусі ўпершыню з’явіліся 200–250 тысяч гадоў таму, намнога раней, чым лічылася да гэтага. Самыя ж апошнія даследванні сведчаць, што людзі былі на нашых землях і 400 тысяч гадоў таму.
Апошнім часам асабліва актыўна вывучаюцца пытанні зараджэння і развіцця беларускай дзяржаўнасці. Як заўважыў Уладзімір Гусакоў, сёння галоўная мэта навукоўцаў — умацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, кансалідацыя грамадства.
Абмеркавалі навукоўцы і пытанні супрацоўніцтва, у тым ліку з расійскімі калегамі. Дырэктар Інстытута расійскай гісторыі РАН Юрый Пятроў звярнуў увагу, што ў наступным годзе плануецца правядзенне навуковага форуму, прысвечанага аперацыі «Баграціён», развіццё праектаў, прысвечаных пасляваеннаму аднаўленню Беларусі. Была агучана ідэя аб падрыхтоўцы сумесных работ па гісторыі вядучых прамысловых прадпрыемстваў Беларусі, а таксама вывучэнню лёсаў знакавых гістарычных асоб.
Падводзячы вынікі круглага стала, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя заклікаў гісторыкаў фармуляваць ідэі, якія будуць працаваць на ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, разам працаваць над стварэннем шматтомнага выдання па гісторыі Беларусі, якое аб’яднае напрацоўкі сучасных даследчыкаў (прычым не толькі гісторыкаў, але і архівістаў, філосафаў, культуролагаў, этнографаў, работнікаў пракуратуры), змесціць сучасныя погляды на гістарычныя падзеі. Фундаментальнае выданне плануюць выпусціць у свет да 2030 года.
Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 26 снежня 2023
Звязда, 26 снежня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/67/71978
Текущая дата: 18.11.2024