Белорусский портал в Казахстане

Поўную забарону курэння ў грамадскіх месцах падтрымліваюць 75 працэнтаў гарадскога насельніцтва Беларусі



Аб гэтым заявіла старшыня ГА "Беларускае таварыства абароны спажыўцоў" Ганна Суша, прадстаўляючы вынікі даследавання наконт стаўлення жыхароў Беларусі да мер, накіраваных на скарачэнне спажывання тытуню.

Ганна Суша адзначыла, што забарона на курэнне ў грамадскіх месцах - адна з найбольш эфектыўных мер, прадугледжаных Рамачнай канвенцыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе супраць тытуню.

"Поўную забарону курэння падтрымліваюць у сярэднім 75 працэнтаў насельніцтва, па асобных відах забарон падтрымка яшчэ больш значная. Так, больш за 90 працэнтаў гарадскіх жыхароў выступаюць за забарону курэння на дзіцячых пляцоўках і ў гарадскім грамадскім транспарце, больш за 80 працэнтаў - на тэрыторыях і ў памяшканнях арганізацый аховы здароўя, спорту, адукацыі, культуры. Пазбавіць кафэ, бары і рэстараны ад тытунёвага дыму хочуць больш за палавіну беларусаў", - сказала Ганна Суша.

Па выніках апытання ў Беларусі кураць 35 працэнтаў дарослага гарадскога насельніцтва. У Расіі доля курцоў цяпер складае 31 працэнт, што на 10 працэнтных пунктаў ніжэй, чым у 2013 годзе, да ўступлення ў сілу палажэнняў антытытунёвага заканадаўства.

Амаль палавіна беларускіх мужчын і 24 працэнты жанчын з`яўляюцца курцамі. Ні разу не спрабавалі курыць толькі 19 працэнтаў мужчын. Найбольшую трывогу выклікае той факт, што максімальная колькасць курцоў назіраецца сярод самых актыўных і працаздольных груп насельніцтва дзетароднага ўзросту: 18-24 гады (42 працэнты) і 25-39 гадоў (38 працэнтаў).

Што датычыцца інтэнсіўнасці курэння, то ў сярэднім мужчына выкурвае ў дзень тры чвэрці пачка, жанчына - палавіну. Найбольшая інтэнсіўнасць курэння назіраецца ва ўзроставай групе 24-39 гадоў, у якой кожны трэці курэц штодзень выкурвае пачак цыгарэт і больш.

Даследаванне згодна з заказам Беларускага таварыства абароны спажыўцоў (БТАС) і Міжнароднай канфедэрацыі таварыстваў спажыўцоў (КанфТС) у маі-чэрвені 2016 года правялі спецыялісты Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ. Апытанне праводзілася ў кожнай з шасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных абласцей Беларусі і Мінску.

Апытана 1 тыс. 18 чалавек старэйшых за гадоў. Гаворачы аб забаронах курэння ў кафэ, барах і рэстаранах, старшыня праўлення Міжнароднай канфедэрацыі таварыстваў спажыўцоў краін СНД Дзмітрый Янін адзначыў, што гэта мера ніяк не перашкаджае індустрыі гасціннасці, уласнікам кафэ.

Вопыт Расіі, як і іншых краін, дзе ўводзіліся адпаведныя забароны, сведчыць, што спаду наведвальнасці гэтых устаноў не было, колькасць пунктаў грамадскага харчавання не скарацілася.

18 ліпеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/677/36377
Текущая дата: 15.11.2024