Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўнік Беларусі стаў уладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016"



Пераможцам XXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016", уладальнікам Гран-пры і 20 тыс. долараў стаў прадстаўнік Беларусі Аляксей Грос.

Узнагароду яму ўручыў старшыня журы народны артыст Расіі Валерый Лявонцьеў, паводле слоў якога, рознагалоссяў у журы не было. Лявонцьеў пажадаў Гросу, каб гэтая перамога стала пачаткам яго вялікай бліскучай кар`еры.

Нагадаем, у першы дзень фіналу за выкананне песні "Я хачу" Грос набраў максімальную колькасць ачкоў, усе восем суддзяў далі яму па 10 балаў. Другі дзень фіналу прынёс беларускаму выканаўцу яшчэ 77 балаў за выкананне хіта It`s my life гурту "Бон Джові". Выніковая сума — 157 ачкоў.

Прадстаўнік Казахстана Адам, які набраў усяго на два балы менш — 155 — атрымаў першую прэмію конкурсу і 15 тыс. долараў. Другую прэмію і 10 тыс. долараў пароўну падзялілі Элеанора Век`я (Італія) і Ганна Адабеску (Малдова). Трэцюю прэмію і 5 тыс. долараў таксама падзялілі паміж сабой Андрыя Гвелесіяні (Грузія) і Ганна Цімафей (Ізраіль).

Спецыяльны прыз кіраўніка беларускай дзяржавы "Славянская надзея" Міхаэле Гемратавай з Чэхіі ўручыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.

Варта адзначыць, што, паводле правілаў конкурсу, калі розніца балаў ва ўдзельніка, які набраў найбольшую іх колькасць, і ўдзельніка, які ідзе за ім, складае менш за тры, то Гран-пры не прысуджаецца. Аднак чатыры гады таму Бобан Майсоўскі з Македоніі атрымаў галоўную ўзнагароду конкурсу, хоць набраў усяго на два балы больш, чым спявачка з Латвіі Саманта Ціна. Зараз журы паўтарыла гісторыю 2012 года і аднагалосна прысудзіла перамогу беларускаму выканаўцу.

Учора таксама адбылося ўзнагароджанне пераможцаў дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2016". Гран-пры атрымала расіянка Анастасія Гладзіліна. Першую прэмію ўручылі прадстаўніцы Беларусі Анастасіі Жабко, другую прэмію падзялілі Кацярына Манузіна з Украіны і Ціна Русева з Македоніі. Трэцяя прэмія дасталася чэшцы Неле Жакавай і Раміне Сармурзіной з Казахстана. Анастасія Жабко і Анастасія Гладзіліна таксама атрымалі спецыяльныя прызы ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 19 ліпеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/677/36397
Текущая дата: 15.11.2024