Белорусский портал в Казахстане

Упершыню ва Узброеных сілах Беларусі праведзеная пасадка баявога самалёта на аўтадарогу ў начны час



18 мая 2016 года ўпершыню ва Узброеных сілах Беларусі ў межах лётна-тактычных вучэнняў ВПС і войскаў СПА праведзеная пасадка баявога самалёта на аэрадромны ўчастак аўтамабільнай дарогі (АУД) у начны час.

Пасадку выканаў экіпаж вучэбна-баявога штурмавіка Су-25 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы (Ліда): намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА — начальнік авіяцыі палкоўнік Аляксандр Караў і камандзір 116-й гшаб палкоўнік Андрэй Рачкоў.

Раней на аэрадромны ўчастак дарогі на трасе М4 Мінск — Магілёў паміж Чэрвенем і Беразіно зрабілі пасадку два вучэбна-баявыя Як-130 116-й гшаб і два знішчальнікі МіГ-29 61-й знішчальнай авіябазы (Баранавічы). Пасля дазапраўкі і падвескі ўзбраення яны пайшлі на баявое прымяненне на авіяцыйны палігон.

Падчас вучэнняў на М4 авіяцыйнае прыкрыццё аэрадромнага ўчастку аўтамабільнай дарогі ажыццяўлялі верталёты Мі-24 са складу 50-й змяшанай авіяцыйнай базы (Мачулішчы), а на прылеглых да аэрадромнага ўчастка аўтамабільнай дарогі — падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл.

Задачы па абсталяванні АУД святлотэхнічнымі сродкамі, аналагічнымі стацыянарнаму аэрадрому, выканалі падраздзялення войскаў сувязі. Радыёлакацыйны кантроль палётаў авіяцыі па зададзеных маршрутах, выдачу радыёлакацыйнай інфармацыі на пункты баявога кіравання авіяцыяй забяспечылі падраздзяленні радыётэхнічных войскаў.


Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 18 мая 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/687/35570
Текущая дата: 15.11.2024