Белорусский портал в Казахстане

Завяршылася следства па справе дырэктара падраздзялення БДУ



Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да дырэктара вучэбна-вопытнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Шчомысліца" БДУ.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Беланог, кіраўнік быў затрыманы ў лістападзе мінулага года супрацоўнікамі УБЭП УУС Мінаблвыканкама сумесна з УКДБ па Мінскай вобласці і Мінску пасля атрымання хабару.

Устаноўлена, што на працягу дзесяці гадоў дырэктар выкарыстоўваў службовыя паўнамоцтвы з карыслівымі мэтамі. Ён сістэматычна атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў суб`ектаў гаспадарання і камерцыйных арганізацый за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні паміж імі дамоваў арэнды, а таксама стварэнні бесперашкодных умоў для арандатараў пры карыстанні пададзенай маёмасцю прадпрыемства.

Следствам сабраныя доказы па 21 эпізодзе злачыннай дзейнасці, у выніку якіх абвінавачаны атрымаў у якасці хабараў каля 150 тыс. долараў і больш за 73 тыс. еўра.

У межах расследавання праведзеныя выемкі і агляды дакументаў, якія тычацца арганізацыйна-распарадчай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя заключэнні пяці крыміналістычных экспертыз. Следствам накладзены арышт на маёмасць абвінавачанага прыкладна на тры мільярды рублёў, у тым ліку на грашовыя сродкі, аб`екты нерухомасці, аўтамабіль.

З улікам сабраных доказаў дырэктару выстаўленае канчатковае абвінавачанне па чч. 2, 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна ў асабліва буйным памеры).

Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ужытая ў дачыненні да абвінавачанага з пачатку папярэдняга следства, не змянялася.

Пры вытворчасці па крымінальнай справе следчыя ўнеслі прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыялі ўчыненню карупцыйных злачынстваў.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 12 мая 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/688/35522
Текущая дата: 15.11.2024